У інтэрв’ю “Прессболу” галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч распавёў, што капітана гродзенцаў Паўла Савіцкага незаслужана крытыкуюць, негледзячы на тое, што ён зараз адзін з найлепшых футбалістаў Беларусі.

“Савіцкі ярка выражаны лідар каманды. У Гродне ён ім быў заўсёды, а цяпер наогул раскрыўся. Харызматычны чалавек, якому незаслужана прыляпілі нейкі дзіўны імідж. Сёння Павел – адзін з найлепшых футбалістаў Беларусі. Статыстыка штука ўпартая: тое, што ён забіў сем галоў, гуляючы правым паўабаронцам, кажа пра многае.

Але не ўсім ён падабаецца – нават у добрым Савіцкiм хочуць знайсці нейкія дрэнныя якасці. Ведаеце, ёсць у нас нейкая “жаба”, якая многіх душыць – і спецыялістаў, і заўзятараў. Вось і палошчуць Пашу на ўсе лады. Але на дадзеным этапе ён сваёй гульнёй проста заткнуў усім рты.

У гісторыі суверэнных чэмпіянатаў краіны няма ні аднаго хаўбэка з такой статыстыкай: 44 галы ў 166 гульнях. Гэта не лічачы Кубка і матчаў за розныя зборныя. А яго ўсё “сціраюць”… “, – распавёў Кавалевiч.

Пасля 11 тураў сёлетняга чэмпіянату Беларусі Павел Савіцкі ўзначальвае спіс бамбардзіраў з 7 забітымі мячамі.