Услед за Гродна мода на ўстаноўку шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц дакацілася і да Ваўкавыска, паведамляе старонка volkovysk.by.

Чытайце яшчэ:  У Гродне пачалі вешаць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц
На чарговай сесіі Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася 26 мая, на парадку дня між іншымі было пытанне аб ходзе выканання рашэння райсавета ад 27 лютага 2017 г. № 129.

Рашэннем адпаведныя інстанцыі і ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна павінны былі высветліць назвы асноўных вуліц Ваўкавыска з улікам гістарычных перыядаў, вызначыць некалькі будынкаў у гістарычным цэнтры горада і ўдакладніць, якія аб’екты размяшчаліся ў гэтых будынках у розныя гістарычныя перыяды. Ваўкавыскім камунальнікам загадана адшукаць магчымасць для вырабу таблічак на вуліцах і будынках і карты-схемы горада і размясціць іх у цэнтральнай частцы райцэнтра.

Чытайце яшчэ:  “Пабачым гісторыю на глыбіню ў 500 гадоў”. Што пакажуць гістарычныя назвы гродзенскіх вуліц
У пералік увайшлі 12 вуліц: завулак і вуліца К. Маркса, вуліцы Баграціёна, Дзяржынскага, Жолудзева, Чырвонаармейская, Кутузава, Леніна, Мядзведзева, Панковай, Перамогі і Савецкая.

Тапанімічная камісія вызначыць вуліцы, на якіх будуць устаноўлены таблічкі, і мову для напісання назвы.