Дадаць навіну
Панядзелак, 15 кастрычніка 2018, 21:31

Гродзенская каманда па рэгбі “Рух” запрашае гараджан на свой першы матч

Гродзенская каманда "Рух" падчас матчу чэмпіянату Беларусі 2016 года ў Гомелі

Матчы чэмпіянату Беларусі па рэгбі ўпершыню пройдуць у Гродне. У суботу 10 чэрвеня ў рамках 2-га тура гродзенская аматарская каманда “Рух” будзе прымаць мiнскія і гомельскія дружыны.

Апошні раз матчы па рэгбі праходзілі ў Гродне прыблізна 45 гадоў таму. Тады ў рамках чэмпіянату СССР тут праводзіліся гульні паміж Прыбалтамi і паўднёвымі рэспублікамі. З тых часоў у Гродне афіцыйных матчаў па рэгбі не было.

У сучаснай Беларусі гэты від спорту з’явіўся ў 2007 годзе. У 2011 быў разыграны першы чэмпіянат паміж дзвюмя мінскімі камандамі. У студзенi 2017 года Беларуская федэрацыю рэгбі афіцыйна зарэгістравалася ў Мінспорце. Сёлета праводзіцца 6-ы чэмпіянат па рэгбі-7, у якiм прымаюць удзел і гродзенцы.

“10 чэрвеня ўпершыню ў Гродне на поле выйдзе свая каманда “Рух” ад клуба аматараў рэгбі “Метэор” пры фізкультурна-аздараўленчым клубе “Алімпія”, – расказвае адзін з самых сталых гульцоў каманды Юрый Аколаў. – У мінулым годзе пры Федэрацыі была сфармаваная каманда Гродзенскай вобласці з гульцоў “Метэора” Гродна і РК “Лютасць” Ліда, якая выступіла ў 5-м чэмпіянаце (неафіцыйным) і заняла 3-е месца. У гэтым годзе лiдская каманда фактычна перастала існаваць. Гродзенская дружына таксама адчувае вялікія цяжкасці, як кадравыя, так і фінансавыя, і таму 1-ы тур у Гомелі ў 2017 годзе мы прапусцілі”.

Зараз у камандзе “Рух” займаецца крыху больш за 10 чалавек: людзі розных прафесій ва ўзросце 20-34 гады, аб’яднаныя любоўю да рэгбі. Ёсць адзін студэнт з Ізраіля і вельмі сталы гулец – 58-гадовы Юрый Аколаў.

“Мы маем намер запрасіць у каманду двух былых гульцоў “Лютасці”: аднаго з Ліды, а другога з Іўя, татксама хочам прыцягнуць у нашы шэрагі аднаго аўстралійца, якi часова жыве ў Гродне. У нашай камандзе гуляюць як рабочыя, пераважна будаўнікі, сталяры, грузчыкі, так і менеджары, людзі з вышэйшай адукацыяй.

Гэта нашы першыя крокі і пакуль усё цяжка. Від спорту ў нас не раскручаны і не знаёмы гродзенцам, якім цяжкавата зразумець правілы рэгбі, не хапае матывацыi, у параўнанні з футболам, для заняткаў”, – дадаў Юрый. Сам ён не толькі гуляе, але яшчэ і трэніруе дзяцей 10-13 гадоў у гімназіях №2 і №4.

Першыя матчы сезону 2017 года па рэгбі для гродзенскай каманды пройдуць 10 чэрвеня на стадыёне гімназіі №2. Пачатак у 10.00.

Варта адзначыць, што каманда “Рух” запрашае ўсіх жадаючых на трэніроўкі па рэгбі, якія праходзяць на стадыёне гімназіі №2. Расклад трэніровак на чэрвень: панядзелак-серада-пятніца -19:00. Кантактны тэлефон: 375292804816.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: