Афіцыйны сайт «Нёмана» ў чацвер 1 чэрвеня паведаміў, што клуб падпісаў 13-гадовага футбаліста Аляксея Бальгерта. Нягледзячы на тое, што малады абаронца падпісаў пагадненне з клубам з Гродна, ён усё роўна будзе вучыцца і жыць у Мінску.

Аляксей з’яўляецца выхаванцам гродзенскай СДЮШАР «Неман» (першы трэнер — Алег Іванавіч Севасцьянік). З 2016 году малады футбаліст знаходзіцца ў акадэміі АБФФ ў Мінску, там жыве і трэніруецца. У сталіцу гродзенец трапіў праз рэспубліканскі адбор.

Першы прафесійны кантракт юнага футбаліста з гродзенскім «Нёманам» разлічаны тэрмінам на тры гады. Малады і перспектыўны футбаліст не будзе зараз выступаць за гродзенскую каманду, але пры гэтым яго ніхто іншы не зможа забраць у другое месца, бо абаронца з 1 чэрвеня належыць «Нёману».

Калі б маладога футбаліста цяпер не падпісалі, то ў будучыні магла б адбыцца падобная сітуацыя як з Яраславам Яроцкім, які, нягледзячы на тое, што выхаванец гродзенскага футбола, вымушаны выступаць за «Нёман» на правах арэнды. Гэта доўжыцца ўжо на працягу двух сезонаў.

Справа ў тым, што Яраслава ў юным узросце, як i Аляксея, запрасілі ў Мінск, дзе ён падпісаў кантракт са cталічным «Дынама». А тыя яго праз нейкі час адпраўляюць у арэнду ў родны клуб.

Добра, што гродзенскі клуб ужо цяпер непакоіцца пра сваіх юных футбалістаў і не адпраўляе іх проста ў іншыя месцы, як гэта адбывалася раней. Магчыма праз гады два ці тры мы ўбачым Аляксея Бальгерта і ў майцы асноўнай каманды «Нёмана».