Выстава пад назвай “Но детских лет люблю воспоминанье…”, якая расказвае пра жыццё дзяцей Гродзеншчыны XIX-XX стагоддзяў, адкрылася напярэдадні Дня абароны дзяцей у аддзеле мастацтваў “Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі iмя Карскага”. На выставе прадстаўлены экспанаты вядомых гродзенскіх калекцыянераў Аляксандра Севенкі, Алега Ярша і іншых.

Усяго ў бібліятэцы выстаўлена больш за 600 экспанатаў, якія ўжо смела могуць знайсці сваё месца ў музеі. Гэта ўнікальныя фатаграфіі маленькіх гараджан у розны час у парку Жылібера і на старых вуліцах Гродна ды каштоўныя цацкі, якія ў свой час жадалі набыць многія дзеці.

“Наша выстава разлічана не толькі на дзяцей, але і на дарослых, якія з дапамогай многіх экспанатаў змогуць успомніць свае дзіцячыя гады і панастальгаваць.

Упершую чаргу наша выстава прысвечана дзіцячай фатаграфіі: прадстаўлена ў каля 400 здымкаў з прыватных калекцый. Таксама ў нас выстаўлена шмат цацак, пра якія марылі многія савецкія дзеці. Гэта розныя салдацікі, лялькі, а таксама дзіцячая ГДРаўская чыгунка і розная тэхніка. Ёсць у нас і вельмі ўнікальны экспанат – дзіцячая калыска XIX стагоддзя”, – распавяла галоўны бібліятэкар аддзела мастацтваў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі iмя Карскага Аксана Богдан.

Выстава будзе доўжыцца ў бібліятэцы па адрасе Савецкая, 25 да верасня. Уваход вольны.

Рэжым работы: з 10.00 да 20.00; пятніца з 10.00 да 19.00, нядзеля з 10.00 да 18.00.
Летні перыяд: з 10.00 да 19.00, пятніца з 10.00 да 18.00, нядзеля з 10.00 да 18.00.
Выхадны дзень – субота.

Даведкі па тэлефоне 77 20 86.