Трэцюю паразу ў сезоне пацярпеў “Нёман” у пятніцу 26 мая. На выездзе з мінімальным лікам 1:0 каманда Ігара Кавалевіча саступіла “Гарадзеі”. Адзіны мяч у пачатку другога тайма з пенальці забіў Дзмітрый Лебедзеў.
Правёўшы добра большую частку матчу, гродзенцы, нягледзячы на небяспечныя моманты, так і не здолелі зраўняць лiк і распячатаць вароты Уладзіслава Васiлючэка, якi ў гэтым сезоне выступае за “Гарадзею”.
А гаспадары, наадварот, скарысталіся адным са сваіх момантаў, які ім падарылі ў сваёй штрафной гродзенскія футбалісты.
https://www.youtube.com/watch?v=0bCdnpFm3O4
Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пасля прайгранага матчу сказаў, што яму папракнуць сваю каманду няма ў чым.
“Па такой гульні – крыўднае паражэнне. Але ўдача была на баку суперніка. Сваю каманду, асабліва за другі тайм, мне папракнуць няма ў чым. Але, на жаль, дзве памылкі нашых маладых рабят у цэнтры абароны прывялі да пенальці. Маглі выратаваць гульню, мелі моманты. Але падвяла рэалізацыя”.
Нягледзячы на паразу, “Нёман” застаўся на 4-й пазіцыі ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 17 ачкоў. Наступны матч гродзенцы правядуць таксама на выездзе – 2 чэрвеня супраць “Гомеля”.


