Два галы капітана “Нёмана” Паўла Савіцкага ў матчы 9 тура супраць мінскіх “Крумкачоў” прынеслі гродзенскай камандзе на родным стадыёне чарговыя 3 ачкі. Дзякуючы перамозе над супернікам жоўта-зялёныя падняліся ў турнірнай табліцы на чацвёртае месца.
На гэты раз “Нёман” прымаў гасцей на лепшым газоне, чым у мінулым туры. Забягаючы наперад, варта адзначыць, што галоўны трэнер гродзенцаў Ігар Кавалевіч на пасляматчавай прэс-канферэнцыі сказаў, што яго каманда гуляла супраць мінчукоў як на “Уэмблі”.
У цэлым гродзенцы правялі чарговы добры хатні матч, які спадабаўся многім заўзятарам. Два мяча гаспадары забілі ў першай палове матчу. На 27-й хвіліне Савіцкі рэалізаваў 11-метровы ўдар, прызначаны пасля фолу на Клімовічы. А праз 5 хвілін капітан гродзенцаў эфектным ударам з-за межаў штрафной аформіў дубль.
У другім тайме “Крумкачы” дадалі ў сваёй гульні ў надзеі адыграцца, але добрая гульня гродзенцаў у абароне не дазволіла ім гэта зрабіць. Выніковы лiк матчу 2:0 на карысць “Нёмана”.
Пасля матчу Ігар Кавалевіч адзначыў, што яго каманда заслужана перамагла суперніка.
– “Крумкачы” – добрая каманда. Да кожнага матчу мы рыхтуемся, але да складу “Крумкачоў” гатовыя не былі. Крыху не атрымалася гульня ў першыя 20 хвілін. Адштурхваліся ў сваіх разборах ад гульні Іванова, але яго не было. Гульня разбілася на ўчасткі, не было цэласнасці, якую б я хацеў. Эпізодамі мы гулялі нядрэнна, асабліва ў тых момантах, якія забілі. Ёсць пытанні па арганізацыі гульні, але ў цэлым заслужана перамаглі. Сёння ў маладога абаронцы Кантарыі нарадзілася дачка, таксама дзень нараджэння ў самага тытулаванага гульца, ёсць чаму ўзрадвацца ўнутры калектыва. Рухаемся далей, рыхтуемся да наступнай гульні.
– Чацвёртую гульню гуляе пара Хвалько – Кантарыя. Вы імі задаволеныя? Як ацэньваеце прагрэс?
– Як вам правільна адказаць. Калі маладыя хлопцы гуляюць і прапускаюць нуль, то прагрэсуюць яны ці не – пакажа час. Гуляюць яны ў прынцыпе нядрэнна. Улічваючы ўзрост і ўзровень чэмпіянату, то гуляюць яны досыць добра.
– Жукоўскі злева ў паўабароне – гэта вымушаная мера?
– Ён не гуляе левага паўабаронцу. Мы хочам насыціць цэнтр, а фланг пакінуць за Анюкевічам. Вельмі добра выглядае Клімовіч, яго проста нельга прыбіраць з поля. На любой пазіцыі ён выглядае вельмі добра. А Жукоўскі вялікі майстар, хоць і не ўсе робіць так як я хацеў.
– Ацаніце стан газону.
– Тое, што было, і тое, што зараз… Дык мы сёння гулялі на “Уэмблі”! На дадзены момант газон мае вельмі добрую якасць. У Гродне заўсёды быў добры газон. Да фіналу Кубка ён будзе ў выдатным стане.
Пасля перамогі над “Крумкачамi” гродзенскі клуб размясціўся на чацвёртым радку ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 17 ачкоў. А капітан гродзенцаў Павел Савіцкі пасля 9 тураў узначаліў спіс бамбардзіраў з 6 забітымі мячамі. Варта адзначыць што капітан гродзенцаў забівае ў чэмпіянаце на працягу 4 тураў, але ў нацыянальную зборную яго на апошні збор чамусьці не выклікалі.
Свой чарговы тур чэмпіянату Беларусі “Нёман” правядзе на выездзе ў пятніцу 26 мая, дзе згуляе супраць “Гарадзеі”.
















