Каманда Ігара Кавалевіча ў чацвер 11 мая на сваім стадыёне ў матчы з «Нафтанам» здолела не толькі адыграцца, але і абыграць свайго суперніка. Вырашальны гол у матчы на 57-й хвiлiне забіў капітан жоўта-зялёных Павел Савіцкі.
Наваполацкая каманда ў матчы з «Нёманам» у першую чаргу разлічвала на ачкi, бо ёй трэба выбірацца з дна турнірнай табліцы. Гродзенцам таксама патрэбныя былі ачкі, каб не адставаць ад лідараў чэмпіянату.
Старт матчу ў Гродне застаўся за «Нафтанам». Госці ўжо да 10-й хвіліны мелі два добрыя моманты, але рэалізаваць іх не атрымалася. Гаспадары ж разгуляліся толькі да сярэдзіны тайма — актыўны быў Савіцкі, але справа да небяспечных удараў у гродзенцаў у першым тайме так і не даходзіла.
«Нафтан» пачаў добра і другую палову, што і прынесла доўгачаканы вынік. Аўтарам першага мяча для наваполацкай каманды ў чэмпіянаце стаў Казлоў.
«Нёман» зайграў толькі пасля прапушчанага мяча. Гродзенскім заўзятарам узяцця варот гасцей доўга чакаць не прыйшлося. Валерый Жукоўскі на 57-й хвіліне з вугла штрафной эфектным ударам адправіў мяч у дзявятку варот «Нафтана».
Пасля гола гаспадары пайшлі яшчэ большымі сіламі да варот суперніка, але вось выйсці наперад у «Нёмана» не атрымлівалася. Да 70-й хвіліны «Нафтан» больш актыўнічаў і быў блізкі да чарговага голу. Але на 74-й хвіліне абаронца паўночнікаў здзейсніў грубую памылку ў цэнтры поля, што і прывяло да ўзяцця варот «Нафтана». Пасля перадачы Канцавога Павел Савіцкі дакладным ударам галавой адправіў мяч у сетку варот.
У застаўшыся час «Нафтан» ужо не меў сілы ісці наперад, а гродзенцы жадалi трэцяга гола, але забіць у матчы больш нікому не ўдалося.
«Нёман»: «Нафтан» — 2:1
Пасля матчу галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч падзякаваў сваёй камандзе за перамогу, а таксама выказаўся з нагоды дрэннага газона на стадыёне.
«Невыразны першы тайм у нашым выкананні. Прычыны мы знойдзем унутры каманды, было вельмі шмат памылак. Не маглі зрабіць першую перадачу, супернік накрываў. Перад гульнёй мы з вялікай павагай паставіліся да каманды «Нафтан». Яна заўсёды была байцовай, што сёння і прадэманстравала. Нягледзячы на фінансавыя праблемы, людзі б’юцца, б’юцца. Я задаволены, што мы выцягнулі матч. Гульня забудзецца — вынік застанецца.
Яшчэ хачу сказаць, што такога поля гродзенскі стадыён у маю бытнасць не бачыў ніколі. Я не ведаю, да каго звярнуцца з гэтым пытаннем, але… Поле стадыёна ў дрэнным стане. Каманда, якая хоча валодаць ініцыятывай, ствараць моманты — яна тут проста не можа гэта рабіць. У камбінацыйны футбол на такім полі гуляць немагчыма".
Пасля 7 тураў «Нёман» займае шостае месца ў турнірнай табліцы і мае ў сваім актыве 13 ачкоў. На першым месцы БАТЭ — 17 ачкоў.
У панядзелак 15 мая гродзенцы адправяцца ў Жодзіна, дзе сустрэнуцца з мясцовым «Тарпеда».