Гродзенскі фестываль славянскіх адзінаборстваў як заўсёды праходзіў два дні: 7 мая ў закрытай зале і 8 мая на пляцоўцы ля Кургана Славы. Паўдзельнічаць прыехалі клубы адзінаборстваў i рэканструктараў з Гродзенскай вобласці, розных гарадоў Беларусі і блізкага замежжа.
Гэта ўжо 17-ы па ліку фестываль. Апошнія гады яго адмыслова праводзяць напярэдадні Дня Перамогі. Звычайныя ўдзельнікі: казакі, рэканструктары і моладзевыя патрыятычныя клубы. Праграма фестывалю складаецца з паказальных выступленняў, разнастайных турніраў, бою «сценка на сценку» і канцэрта.
Самымі відовішчнымі сталі турнір па гістарычным фехтаванні, турнір лучнікаў, але больш захоплівалі эфектныя паказальныя выступленні казацкага коннаспартыўнага клуба «Ярмак».
Таксама напярэдадні Дня Перамогі на Курган Славы прыбыў перасоўны фургон — мабільная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ён быў у Гродне толькі адзін дзень. 9 мая фургон будзе ўжо ў іншым горадзе.