Жыхары Еўрасаюза, якія вучацца ў гродзенскіх універсітэтах – вялікая рэдкасць. Давід Вайткевіч з Літвы паспрабаваў атрымаць вышэйшую адукацыю ў Гродне. Ён паступіў у Аграрны ўніверсітэт на завочнае і ўжо паспеў адвучыцца першы тыдзень. Будні ў беларускім горадзе Давід здымае на камеру, а пасля выкладае на свой канал на YouTube.
Паступіць у Гродна было не складана. Горад прыцягнуў між іншым тым, што тут недалёка да роднай Вільні. А яшчэ цэнамі.
“У Беларусі вучоба танней, чым у нас у Еўропе, дзе за год трэба плаціць 4,5 тысячы долараў. У Гродне я плачу значна менш – 1,5 тысячы. Вучыцца на завочным аддзяленні мне трэба будзе шэсць гадоў”, – распавядае Давід.
Пра Аграрны ўніверсітэт ён даведаўся праз інтэрнэт. У Гродне хлопец паступіў на ветэрынарнага лекара, а да гэта ў Літве вучыўся на памочніка ветэрынара.
Еўрапейцы рэдка прыязджаюць вучыцца ў Беларусь, бо адукацыя, атрыманая ў мясцовых універсітэтах, не ўсюды каціруецца. Давіда ж гэта не палохае.
“Усё будзе кацірвацца. Калі атрымаю дыплом, мне давядзецца здаваць спецыяльныя экзамены – пацверджанне. Пасля паспяховай здачы змагу атрымаць ліцэнзію на ветэрынарнага лекара”, – дадаў хлопец.
Людзі простыя як тры капейкі
Давід стараецца шукаць у Беларусі толькі пазітыўныя моманты. Для гэтага ён здымае штодня відэа.
“Мне падабаюцца людзі ў Гродне – яны вельмі добрыя, адкрытыя і простыя як тры капейкі, а не так як у нас у Вільні. Ёсць у Гродне і мінусы – гэта вялікі недахоп wi-fi ва ўніверсітэце, у інтэрнаце, а таксама ў горадзе”.
https://www.youtube.com/watch?v=xKJ1nCjUKrg


