Юбілейная 20-я гульня “Я гэтым горадам захаваны” прайшла ў Гродне 4 мая. 34 каманды спаборнічалі за званне мацнейшай. У гэтым годзе гульцам трэба было быць не толькі хуткімі і добра ведаць гісторыю горада, але таксама разбірацца ў творчасці краязнаўцы Віктара Саяпіна.

Удзельнікаў сёлета было менш чым летась – свае каманды прадставілі 30 гарадскіх школ, былi зборныя Палаца творчасці дзяцей і моладзі, “Спектра”, а таксама былі госці з вёскі Юравічы Гомельскай вобласцi і СШ №7 Навагрудка.

Кожны год арганізатары ўносяць змены ў гульню. У гэтым годзе нечаканымі апынуліся два капітанскія конкурсы, звязаныя з кнігамі Віктара Саяпіна і фільмамі, якія здымалі ў Гродне. Дадаліся у гэтым годзе і новыя кропкі: скульптура жабкi-падарожнiцы, унутраны дворык кінатэатра “Чырвоная зорка” і рэстаран “Бакст”.

Пераможцамі юбілейнай гульні “Я гэтым горадам захаваны” сталі вучні гімназіі №1 імя Карскага, другое месца заняла СШ №13, трэцяе дасталося СШ №20. Пераможцы атрымалі прызы ад Гроднааблкінавідэапраката і блізкіх Віктара Саяпіна. Таксама ўзнагарода для лепшых каманд – паездка на Аўгустоўскі канал са сплавам на байдарках.