Ужо больш за тыдзень ідзе замена старой цеплатрасы на вуліцы Замкавай. За гэты час рабочыя ўшчыльную наблізіліся да сквера, дзе калісьці знаходзілася Фара Вітаўта, а побач з ёй і старыя могілкі. Афіцыйна аб знойдзеных пахаваннях ніхто не паведамляе, але сведкі кажуць, што рабочым трапляліся косці і нават чэрапы.
Згодна з праектам рабочыя ідуць па старым маршруце, дзе знаходзяцца савецкія трубы. Малаверагодна, што там можна на нешта натрапіць. Але сыходзячы трохі ў бок, адкрываецца зусім некранутая зямля — тэрыторыя ў скверы, дзе калісьці быў самы вялікі ў Гродне храм Фара Вітаўта, а вакол яго да канца 18 стагоддзя — могілкi. Перасталі хаваць там толькі пасля ўказа Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1792 годзе. Менавіта тады было вырашана хаваць людзей за горадам на новых камунальных могілках.
Пахаванні каля Фары маглі быць там з пачатку заснавання храма, а гэта канец 14 стагоддзя. Да сённяшніх дзён могілкi Фары Вітаўта ніхто не знаходзіў, магчыма, рабочым цяпер упершыню і трапляюцца старыя пахаванні.Вядома, што ў гістарычным цэнтры, дзе вядзецца замена цеплатрасы, не вядзецца ніякага археалагічнага нагляду.