У Гродзенскім заапарку знялі відэа са сваім апошнім папаўненнем — птушанятамі заходнесібірскіх пугачоў Ушачкі і Буша. Птушаняткі з’явіліся на свет у канцы сакавіка і зусім хутка ім споўніцца адзін месяц, інфармуе сайт заапарка.
Ушечка і Буш вельмі ўважлівыя і клапатлівыя бацькі. Мама корміць, грэе і ахоўвае малых, а тата з вышыні сочыць за тым, каб ніхто не пакрыўдзіў сямейства. Зняць гэтыя кадры было даволі складана — птушкі рэагуюць на найменшыя гук і рух. З-за гэтага вялікая частка здымкі вялася праз шкло назіральнага акенца.
За ўсю гісторыю Гродзенскага заапарка пугачы ўпершыню вывелі птушанят. Таму гэты відэаролік па-свойму ўнікальны.