“Каменны век – гэта калі людзі замест прыстойнага адзення насілі скуры”, “не было электрычнасці і розных механізмаў”, а “чалавек быў падобны да малпы”. Такія меркаванні пра далёкае мінулае выказвалі трэцякласнікі са школы №3, што 21 красавіка наведаліся ў музей гісторыі рэлігіі на інтэрактыўны занятак “Па слядах першабытнага чалавека” .
Каб дзеці маглі даведацца пра далёкую мінуўшчыну больш, музей разам з хатнім тэатрам “Марья-искусница” падрыхтавалі шэраг заданняў і практыкаванняў. Школьнікі разам з лялькамі і акторамі дабывалі агонь з дапамогай трэння і крэсіва, сустракаліся з шаманам і нават удзельнічалі у раскопках.
https://youtu.be/YjtGB28NLso
Першы раз “па слядах перабытнага чалавека” наведвальнікі музея прайшліся 27 сакавіка. За месяц, што мінуў ад таго часу, інтэрактыўныя заняткі наведалі больш за 1000 школьнікаў.
“Усе прывыклі, што ў музеі нічога нельга чапаць, а тут – калі ласка – можна на ўласным досведзе адчуць, як няпроста жылося ў старажытнасці”, – распавядае “цёця Таня”, як прадстаўляецца дзецям супрацоўніца музея.

Марына Лазарава і Леанід Наркун з хатняга тэатра “Марья – искусница” з дапамогай лялек распавядаюць пра лад жыцця ў каменны век.
Меркаваннем Марыны, такія заняткі абуджаюць ў дзецях цікавасць не толькі да музея. Потым могуць быць і “раскопкі” на лецішчах, і пытанні да старэйшых “як жыць без электрычнасці” і шмат што яшчэ.

“Некаторыя дзеці першы раз наведалі гэта прадстаўленне падчас вясновых вакацый, а зараз прыходзяць па другому разу. На занятках яны становяцца нашымі памочнікамі”.

Праграма “Па слядах першабытнага чалавека” – першая з цыклу інтэрактыўных заняткаў “Кола гісторыі”. Каб расказаць пра іншыя часы гістарычнага мінулага, кожныя паўгода будзе рыхтавацца і новае прадстаўленне.