20 красавіка каля 5.45 у Гродне на вуліцы Магістральнай нецвярозы вадзіцель, кіруючы аўтамабілем Маzda, не выканаў патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ спыніцца і паспрабаваў уцячы, пры гэтым парушальнік збіў жанчыну, якая патрапiла ў рэанімацыю.
Як паведамляе ДАІ Гродзенскага аблвыканкама, парушальнік стаў уцякаць па праспекце Касманаўтаў у бок вуліцы Кірава. На пуцеправодзе праспекта і вуліцы Будзёнага кіроўца дапусціў бакавы занос і заехаў на тратуар, дзе збіў жанчыну. У выніку наезду пешаход атрымала цяжкія траўмы і была шпіталізаваная ў рэанімацыйнае аддзяленне. Вядома, што жанчыне 26 гадоў. Кіроўцам аказаўся раней судзімы за хуліганства трыццацігадовы мясцовы жыхар, які ніколі не атрымліваў пасведчання кіроўцы.
Медыцынскі агляд паказаў у кіроўцы ўтрыманне алкаголю, якое больш чым у 6 разоў перавышае дапушчальныя межы.
На месцы ДТЗ праводзяцца неабходныя працэсуальныя дзеянні. Па факце ДТЗ прызначаная праверка.