З 20 па 25 красавіка ў ваколіцах Гродна пройдзе ў чарговы “Адкрыты Кубак Гродна” па спартовым арыентаванні. Сёлета ён юбілейны – 40-ы. Спаборніцтвы збіраюць шмат спартоўцаў i аматараў з Беларусi і замежжа. У гэтым годзе ўпершыню прыедуць прадстаўнiкi з Нарвегii i Фiнляндыi.
Кожны год арганізатары прапануюць удзельнікам нешта новае і гэты раз не выключэнне. На працягу шасці дзён у спартсменаў і аматараў будзе тры самастойных залікі.
“Мы плануем, што ў гэтым годзе ўдзельнікаў будзе больш за 500, гэта крыху менш, чым у 2016 годзе. На гэта паўплывала шмат фактараў, як эканамічных, так і іншых. Ды і з-за ранняй вясны ў Беларусі ўжо былі старты і людзі проста не могуць ўсюды ездзіць. Ёсць і станоўчыя моманты: бязвізавы ўезд даў магчымасць паўдзельнічаць некаторым замежнікам: упершыню прыедуць госці з Нарвегіі і Фінляндыі», – адзначыў дырэктар спаборніцтваў Эдвард Ародзь.
https://www.youtube.com/watch?v=_Gtt8aAfs-c
Першы дзень удзельнікі правядуць у “Прыгодзічах”, у непасрэднай блізкасці геалагічных помнікаў прыроды. У другі дзень удзельнікі адправяцца ў парк актыўнага адпачынку “Каробчыцкi Алімп”, у ваколіцах якога і пройдзе гэты дзень спаборніцтваў.
Далей пачнуцца тры дні асноўнага заліку. Там яны змогуць зарабіць ачкі не толькі ў залік “Кубка Беларускай федэрацыі арыентавання”, але і набраць балы ў сусветным рэйтынгу – 23 і 24 красавіка пройдуць пад эгідай Міжнароднай федэрацыі арыентавання (IOF WRE).
Кожны дзень спартсменаў чакае абсалютна новая карта: 22 красавіка – возера Саннiкi, 23 красавіка – Аўгустоўскі канал, 24 красавіка – Скідзельскі рынак. За праходжаннем дыстанцыі ўдзельнікамі можна будзе сачыць анлайн з дапамогай GPS-трансляцыі. Пераможцы будуць вызначаныя па суме трох дзён спаборніцтваў. Асобны прызавы фонд у памеры 1000 рублёў чакае прызёраў двух этапаў сусветнага рэйтынгу.
У апошні дзень спаборніцтваў 25 красавіка пройдзе гонка чэмпіёнаў. На карце “Навасёлкі” вызначацца наймацнейшыя па агульным заліку, гэта значыць пераможцам у гэты дзень можа стаць любы ўдзельнiк.
Арганізатары спаборніцтваў: аддзелы фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама і аблвыканкама, Беларуская федэрацыя арыентавання, клуб спартыўнага арыентавання «Кронан» і Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы.



