Праграма новага сезона на Аўгустоўскім канале, які з кастрычніка 2016 стаў бязвізавым, абяцае быць асабліва насычанай. Распачне актыўны турыстычны перыяд трансгранічны пікнік і адкрыццё пункта пропуску на канале, піша grodnonews.by.

Вялікі Трансгранічны пікнік

Летні сезон на Аўгустоўскім канале адкрые трансгранічны пікнік «Польшча — Беларусь». З 28 красавіка па 1 мая ў раёне шлюза Кужанец з польскага боку (пункт пропуску «Лясная-Рудаўка») і шлюза Дамброўка на тэрыторыі Гродзенскай вобласці пройдуць спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, конкурсы, сяброўскія сустрэчы.

28 красавіка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё пункта пропуску «Лясная-Рудаўка» для велатурыстаў і пешаходаў. З гэтага дня зменіцца статус пункта пропуску з рачнога на веласіпеднай-пешаходна-рачны. Цяпер турысты змогуць перасякаць мяжу не толькі па вадзе, але і пешшу або на ровары.

Затым на працягу трох дзён — з 29 красавіка па 1 мая — у рэжыме нон-стоп па абодва бакі Аўгустоўскага канала кожны жадаючы зможа прыняць удзел у святочных мерапрыемствах, кожнае з якіх будзе прысвечана мясцовым культурным традыцыям.

Адкрые красавіцкі ўік-энд «Свята беларускай кухні «Пікнік па-беларуску». У гэты дзень на Аўгустоўскім канале ўсё будзе круціцца вакол кулінарыі, а паветра над рачной роўняддзю напоўніцца водарамі страў нацыянальнай кухні і выпечкі. На падворках устаноў культуры Гродзенскага раёна можна будзе купіць і пакаштаваць беларускія дэлікатэсы, традыцыйныя стравы, паўдзельнічаць у кулінарных конкурсах і майстар-класах. Тут жа пакажуць і навучаць асновам выпечкі караваяў, вызначаць самага хуткага ў з’яданні дранікаў і правядуць конкурс на самы вялікі бульбяны блін.

Другі дзень святкаванняў - 30 красавіка — адкрые фестываль бытавых танцаў «Квецень у стылі Этна». Удзельнікі клубных устаноў Гродзенскага раёна прадэманструюць сваё майстэрства валодання танцам, веданне танцавальнага этыкету. На фестывалі можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класах прафесійных танцораў.

Юных гасцей фестывалю чакаюць гульнявыя і забаўляльныя праграмы. Усіх жадаючых запросяць у гандлёвыя рады паспрабаваць стравы рэгіянальнай кухні.

Трэці дзень свята — панядзелак, 1 траўня, прысвецяць нематэрыяльнай культурнай спадчыне Сапоцкінскага краю. У гарадскім пасёлку Сапоцкін пройдзе мерапрыемства пад назвай «Сапоцкінскі цуд». Будзе працаваць музей пісанкі, пройдуць майстар-класы па роспісу велікодных яек, экскурсія.

У праграме пікніка — чэмпіянаты вобласці па турысцка-прыкладным шматбор'і, спаборніцтвы ў тэхніцы горна-веласіпеднага турызму, забаўляльныя сямейныя эстафеты, конкурсы кулінарнага мастацтва.

Кіламетры веламаршрутаў

З 28 красавіка турысты змогуць перасякаць мяжу ў пункце пропуску «Лясная-Рудаўка» на Аўгустоўскім канале не толькі водным шляхам, але і на ровары, а таксама пешшу. Гэта стала падставай для стварэння новых веласіпедных маршрутаў у раёне Аўгустоўскага канала, агульная плошча якіх складзе больш за 50 кіламетраў.

Цяпер у аматараў актыўнага ладу жыцця з’явіцца магчымасць праехаць на ровары па маляўнічых месцах па абодва бакі ўнікальнага гідратэхнічнага збудавання, палюбавацца прыроднымі і гістарычнымі славутасцямі. Зараз веласіпедныя дыстанцыі маркіруюцца, усталёўваюцца ўказальнікі, знакі і карты-схемы маршрутаў.

Патэнцыял бачны здалёк

Новыя інфармацыйныя рэкламныя шчыты для турыстаў неўзабаве ўсталююць на ўездах у Беларусь з боку Польшчы каля пункта пропуску «Брузгі» і з боку Літвы ў раёне пункта пропуску «Прывалка».

— Турысцка-інфармацыйныя білборды плануем усталяваць да 1 мая. Яны дазволяць турыстам лёгка зарыентавацца на мясцовасці, даведацца аб галоўных турыстычных напрамках, населеных пунктах, размяшчэнні славутасцяў, адлегласцях да аб’ектаў інфраструктуры. Плануецца ўсталяваць каля дзесяці стацыянарных памочнікаў для замежнікаў на мяжы і на ўездах у абласны цэнтр, — распавялі ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама.

[irp]

[the_ad id="10 160"]