У нядзелю 9 красавіка гродзенскія «Варвары» адкрылі новы сезон і стартавалі ў міжнародным турніры — Кубку Монтэ Кларка. Паказаўшы добрую гульню, мясцовыя футбалісты з лікам 36:12 абгулялі мінскіх «Ласёў».
У мінулым сезоне каманда Аляксея Серабракова выступіла не вельмі ўдала. Сярод чатырох каманд гродзенцы занялі трэцяе месца і не прабіліся ў фінал Усходняй лігі амерыканскага футбола. У гэтым сезоне ў гродзенцаў вялікія планы і цалкам вырашальныя — гэта перамога ў сваім дывізіёне і, адпаведна, паўфінал пры хатніх трыбунах.
Першым супернікам, хто прыехаў у Гродна, сталі мiнскія «Ласі». Нягледзячы на тое, што дружына праводзіць першы сезон, гэтую каманду ніхто не спісвае. Гульцы «Ласёў» трэніруюцца з мінскімі «Зубрамi» і ніхто не ведае, чаго ад iх можна чакаць.
Варта адзначыць, што за перыяд міжсезоння «Варвары» істотна абнавілiся новымi гульцамi.У першай палове матчу каманды яшчэ прыглядаліся адна да адной, але правялі яе актыўна. Гродзенцы здолелі зарабіць 2 тачдаўны і выйсці на перапынак з перавагай 20:12.
Другую палову команда Аляксея Серебракова правяла лепш. Абарона не прапускала суперніка і каманда ў цэлым дапускала менш памылак. А таксама «Варвары» здолелі знайсці слабое месца ў «Ласёў» і ўсю другую палову ў гэтае месца і ціснулі, што прывяло да пераможнага выніку. Гродзенцы нічога не прапусцілі і зарабілі 2 тачдаўны і 2 ачкі зарабіла абарона. Выніковы лiк матчу 36:12.
Галоўны трэнер «Варвараў» Аляксей Серабракоў застаўся задаволены стартам новага сезону.
«Усё прайшло выдатна, мы настройваліся на добры вынік, але такога не чакалі. Каманда паказала сябе з лепшага боку. Нечакана было для мяне, што пачаткоўцы згулялі вельмi добра. Да абароны, як заўсёды пытанняў няма, а вось лінейнаму нападзенню яшчэ ёсць чаму павучыцца — не дапрацоўваюць. А так у цэлым усё выдатна — рады што стартавалі з перамогі і тым больш пры сваіх трыбунах».
Першую палову сезона гродзенцы правядуць у Кубку Монтэ Кларка. КМК — гэта міжнародны турнір з 10 камандамі удзельнікамі з 5 розных краін. У рэгулярным сезоне згуляюць 4 гульні (2 дома, 2 выезды). Дома «Варвары» ужо прымалi «Ласёў», наступная гульня ў Гродне з «Паганцамi». Выезды ў «Варвараў» будуць у Кіеў (29 красавiка) да «Рэбелс» і ў Брэст да «Вартавых». Пасля будзе плэй-оф. Восенню ў каманды запланаваны ўдзел у Кубку РБ.