У Гродне ў нядзелю 9 красавіка мае адбыцца бясплатная прэзентацыйная экскурсія для гараджан і гасцей горада. Арганізатарам выступіла турыстычная фірма “Дон Кіхот”.
Фірма запускае свой праект “Зборныя экскурсіі кожныя выхадныя”. Першая прэзентацыйная экскурсія пройдзе бясплатна, а вось астатнія будуць ужо платнымі.
“Такога праекта ў Гродне няма, усе працуюць па заяўцы ад груп, а тут рэгулярна і ў дождж і ў спёку для ўсіх, хто прыйдзе. Прыйдуць 2 чалавекі – будзем вадзіць і дваіх. У будучыні пад запыт таксама зробім індывідуальныя экскурсіі ў любы час і на розных мовах (беларуская, руская, польская, англійская, італьянская і г.д.). – распавёў прадстаўнік фірмы Аляксандр Дзікевіч.
Збор першай экскурсіі ў нядзелю 9 красавіка ў 14:00, на стаянцы паміж сінагогай і рэстаранам “Бакст”. Калі збярэцца вялікая група, больш 60-70 чалавек, то іх падзеляць.
Экскурсія пройдзе па маршруце:
Стары і Новы Каралеўскія замкі, дзе праводзіліся сеймы, і жылі каралі. Пажарная вежа, самая вялікая ў Беларусі сінагога, таямніцы Замкавай вуліцы. Прастор і яркiя фарбы Савецкай плошчы. Наведванне Фарнага касцёла – аднаго з найпрыгажэйшых храмаў Еўропы з абноўленым алтаром і старадаўнім арганам і адзінай у Беларусі аптэкі-музея, чые экспанаты прыадчыняюць заслону таямніцы смерці Стэфана Баторыя. Раён «Гарадніца» 18 ст. Святапакроўскi сабор, Лютэранская кірха 18 ст., Універсітэт. Наведванне самай старой у Беларусі царквы – Барысаглебскай (Каложскай), пабудаванай яшчэ ў 12 стагоддзі.