Пасля міжсезоннага перапынку вялікі футбол вярнуўся ў Гродна. Свой першы матч 27-га чэмпіянату Беларусі гродзенскі «Нёман» праводзіў на родным стадыёне, дзе прымаў мазырскую «Славію». Матч скончыўся безгалявой нічыёй.

Паглядзець на новую гродзенскую каманду, якую за перыяд міжсезоння Ігар Кавалевіч істотна змяніў, прыйшло каля 6000 чалавек. Такой колькасці гледачоў на стадыёне спрыяла добрае надвор’е і бясплатны ўваход.

З леташняга складу жоўта-зялёных на поле супраць «Славіі» выйшла толькі пяць чалавек, усе астатнія былі навабранцамі гродзенскага клуба.

«Нёман» гуляў наступным складам:

Курганскі, Бебе, Кантарыя, Зубкоў, Абуна, Якімаў (Рудзік, 68), Савасцьянаў, Савіцкі(к), Жукоўскі, Яроцкі (Бомбель, 46), Лакціёнаў (Хлебасолаў, 82).

Гаспадары актыўна пачалi матч, але да дакладных удараў доўга не даходзіла. «Славія» ж спрабавала гуляць ад абароны і дзейнічала на контратаках. Першы небяспечны момант у матчы ўзнік толькi на 37-й хвіліне, калі Савіцкі прабіў з вугла вратарскай. Але галкіпер гасцей Сямук выцягнуў мяч і адбіў яго на вуглавы.

10
У атацы Раман Лакціёнаў
Праз чатыры хвіліны Савіцкі зноў стварае небяспечны момант. Але на яго прастрэл у штрафной «Славіі» не паспеў Лакціёнаў.

У другім тайме Кавалевіч вырашыў памяняць на левым фланзе Яроцкага і выпусціў Бомбеля, які ажывіў там гульню. Але чарговы небяспечны момант у матчы ўзнік зноў у Савіцкага. На 56-й хвіліне капітан «Нёмана» выскачыў з-за абаронцаў «Славіі» і добра прабіў, вось толькі ўдар Паўла быў недакладны.

У канцы матчу Кавалевіч для ўзмацнення каманды выпусціў Рудзіка і Хлебасолава, але «Нёман» больш не здолеў стварыць небяспечнага моманту. «Славія» ў сваю чаргу нічым не вызначылася на працягу матча, магчыма, дзякуючы дзеянням абаронцаў «Нёмана».

Пасля матчу галоўны трэнер гродзенцаў Ігар Кавалевіч расказаў, што яго камандзе не хапала шанцавання.

«Першы матч пры сваіх заўзятарах, мы спадзяваліся на перамогу, верылі ў перамогу, але не атрымалася. Добра спрацавала абарона суперніка, адзін Паша Савіцкі мог тры разы забіваць. Не хапала нам шанцавання ў завяршальнай стадыі. Але… Пакуль спынімся на нічыi і будзем рыхтавацца да матчу з Іслаччу».

2 тур, дзе «Нёман» правядзе матч з «Іслаччу», пройдзе ў Маладзечне 8 красавіка.