Раніцай у пятніцу 31 сакавіка гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў вярнуў бронзавую скульптуру жабкі-падарожніцы на яе месца ля турысцка-інфармацыйнага цэнтра на вулiцы Ажэшкi. Побач з ёй усталявалі невялікі куфэрак, куды гараджане і госці горада змогуць кідаць манеты на ўдачу.

[the_ad id=”16085″]

Аўтар дэмантаваў сваю працу ў канцы студзеня, каб аднавіць скрадзены ў канцы лета элемент — катомку за спіной, а таксама зрабіць маленькі куфэрак.

На працу ў майстра сышло два месяцы.

“Шкода скульптуры нанеслі нязначную. Але сам працэс аднаўлення – ужо іншая справа, – кажа Уладзімір Панцялееў. –  Трэба было асобна адліць торбачку, зняць жабку, прымерыць, прымацаваць. Будзем спадзявацца, што ў будучыні больш крадзяжоў не будзе.

Да скульптуры мы дадалі куфэрак. Калі мы дэмантавалі скульптуру, то пад ёй знайшлі шмат грошай: і папяровых, і манет. I ўжо тады ўзнікла ідэя, каб гараджане і госці кідалі грошы ў адмысловы куфэрак”.

Грошы з куфэрка будуць ісці на развіццё цэнтра, а таксама на відэакамеру, якая будзе ў будучыні будзе сачыць за скульптура. Плануецца, што куфэрак будуць адкрываць раз на тыдзень.

Даведка

Бронзавая жабка-падарожніца з катомкай за плячыма і компасам была ўсталяваная на Ажэшкі ля турысцка-інфармацыйнага цэнтра ў 2009 годзе. Паўмятровая бронзавая скульптура вагой у 40 кг задумвалася як сімвал турыстычнага Гродна.