Пенсіянерка 1928 года нараджэння з Гродна памерла пасля «лячэбнага» масажу і гімнастыкі. Паслугу сталай жанчыне аказваў чалавек без ліцэнзіі на медычную дзейнасць, паведамляе прэсавая служба УУС Гродна.

Пасля гэтых маніпуляцый састарэлая жанчына адчула сябе значна горш, трапіла ў шпіталь і неўзабаве памерла. Па заключэнні судмедэксперта, ёй былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні (а менавіта некалькі закрытых пераломаў), якія і прывялі да трагічнага зыходу.

У дачыненні да мужчыны, мясцовага жыхара 1980-га года нараджэння, які аказаў медыцынскую паслугу, не маючы на тое адпаведных правоў, распачата крымінальная справа па ч.2 ст. 335 КК РБ, санкцыі якой прадугледжваюць пакаранне да сямі гадоў пазбаўлення волі.