Сталыя студэнты Універсітэту Залатога Веку, удзельніцы хора «УЗВышша», а таксама іх сябры ды ўнукі сабраліся 26 сакавіка на беразе Нёмана , каб правесці абрад «Гукання Вясны», паведамляе старонка УЗВ. Усе разам упрыгожвалі абрадавае дрэўца, спявалі традыцыйныя песні, вадзілі карагоды, выраблялі пудзіла, якое потым палілі на вогнішчы.

Гэты беларускі звычай — адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных. Заканчваецца доўгая зіма, а на змену ёй ідзе прыгажуня-вясна. Каб паскорыць яе прыход і ладзіцца народнае свята, якое носіць назву «Гуканне вясны». Гэтая традыцыя мае глыбокія карані: гукаць вясну пачалі яшчэ ў старажытныя часы, калі нашы продкі былі паганцамі. Гукаюць вясну звычайна ў канцы сакавіка — пачатку красавіка.
Да з’яўлення на дрэвах зялёнай лістоты яшчэ далёка, але слухачы УЗВ упрыгожылі дрэва рознакаляровымі папяровымі птушкамі.

Птушкі — адзін з асноўных сімвалаў абрада, бо менавіта ў гэтыя дні на радзіму вяртаюцца першыя жаўрукі і буслы. Жаўрук ў беларускай культуры — сімвал і практычна сінонім вясны.
Галёпы (птушачкі з цеста) — традыцыйны беларускі пачастунак на Гуканне вясны, гэтым разам на свяце было некалькі розных відаў галёпаў, бо кожная гаспадыня мае свой асаблівы рэцэпт.

Да свята далучаліся і выпадковыя мінакі, якія гулялі ў парку.
Традыцыйнае святкаванне «Гуканне вясны» студэнтамі УЗВ за некалькі гадоў ператварылася ў сапраўдны невялічкі веснавы фэст.

Праект “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу” рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і прафінансаваны Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.
Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.


