13 дэмакратычных актывістаў асудзілі 14 сакавіка ў Гродне за ўдзел у лютаўскім Маршы недармаедаў. Справы разглядаў суд Ленінскага раёна. Абвінавачваліся па артыкулах адмінстрацыйнага кодэксу прадстаўнікі Беларускай Хрысцянскай Дэмакратыі, Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі “Грамада”, Беларускага Народнага Фронту і Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Актывісты лічаць гэта спробай “закрыць” іх перад Маршам 15 сакавіка, але ўпэўненыя, што на яго правядзенне гэта не паўплывае.
На прэс-канферэнцыі днем раней актывісты падпісалі зварот да польскага і літоўскага консулаў, каб прыцягнуць іх увагу да сітуацыі ў Беларусі. Аднак консулы на судах не прысутнічаюць.

Хто каго судзіць
Актывістаў падзялілі на чатыры групы і судзілі асобна.
Суддзя Алена Пятрова разглядае справы Ежы Грыгенчы, Яўгена Браўна і Анатоля Мышкевіча.
Суддзя Наталля Козел – справы Антона Войцехава, Аляксандра Абуховiча і Сяргея Верамеенкі.
Суддзя Руслан Гурын – справы Галiны Ламашэвiч, Вадзіма Саранчукова, Вольгі Верамеенкі і Мiкалай Салянiка.
Суддзя Дзмітрый Бубенчык – справы Iрыны Давiдовiч (Iўе), Вiталя Гуляка (Ваўкавыску) і В. Гузевiча (апошні не з’явіўся на суд).
Вынікі судоў
Вiталь Гуляк – 30 базавых штрафу
Iрына Давiдовiч – 15 базавых
Вадзім Саранчукоў – 13 сутак арышту
Галiна Ламашэвiч – 7 базавых
Вольга Верамеенка – 15 базавых
Мiкалай Салянiк – 8 базавых
Яўген Браўн – 15 базавых
Анатоль Мышкевіч – 25 базавых
Ежы Грыгенчы – 13 сутак
Антон Войцехаў – 15 базавых
Аляксандр Абуховіч – 20 базавых
Сяргей Верамеенка – 15 сутак
Пакуль актывісты не плануюць аспрэчваць рашэнні судоў.
Сяргей Верамеенка: “Мы падрываем аўтарытэт дзяржавы. Хай закрываюць нас. Калі яны думаюць, што справа ў нас, хай паглядзяць на людзей, якія выйдуць заўтра”.
Прадстаўнікі дэмакратычных структур не спадзяваліся, што справы абыйдуцца штрафамі, і загадзя падрыхтаваліся да “сутак” – узялі з сабой рэчы. На іх думку, у горадзе адсутнічае дыялог паміж уладай і грамадскімі актывістамі, а праведзены круглы стол гэта толькі пацвердзіў.
На правядзенне Маршу недармаедаў 15 сакавіка ў парку Жылібера іх арышты і штрафы не паўплываюць, кажуць актывісты. Пратэстны настрой грамадства настолькі вялікі, што кожны гатовы выйсці і стаць лідарам, якому не патрэбна чыясьці каардынацыя, кажуць яны.



