Актывісты дэмакратычнага руху атрымалі запрашэнне ад гарадскога выканаўчага камітэта прыняць удзел у круглым стале, прысвечаным прэзідэнцкаму дэкрэту №3 “аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, які павінен адбыцца 10 сакавіка. Ініцыятыва мясцовай уладнай вертыкалі выклікала здзіўленне і пэўны недавер сярод грамадскіх актывістаў, піша “Гарадзенская вясна”.

Старшыня Гродзенскай арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, каментуючы дадзеную сітуацыю, адзначыў:

“На сёняшні дзень мы маем пэўны прэцэдэнт. Раней мясцовая вертыкаль не абмяркоўвала пытанні сацыяльна-эканамічнага і культурніцкага жыцця з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці. Таму гэта, па меншай меры, выклікае здзіўленне і шмат пытанняў.

Сустрэча дэмакратычных актывістаў Гродна
Сустрэча дэмакратычных актывістаў Гродна

Сёння гэтую прапанову мы абмеркавалі з усімі тымі, каго ўлады шляхам тэлефанавання запрасілі на гэтую сустрэчу і выпрацавалі адзіную пазіцыю паводзінаў, а менавіта ўзгаднілі асноўныя патрабаванні да мясцовай вертыкалі, якія складаюцца з чатырох пунктаў: першае – адмяніць фактычную забарону мірных сходаў, мітынгаў і шэсцяў, уведзеную ў нашым горадзе з канца 90-ых гадоў. Права, гарантаванае грамадзянам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, нахабным чынам парушаецца, кожная наша заяўка, на будзь якое  мерапрыемства, паводле мясцовай улады не адпавядае дзеючаму заканадаўству каля 17 год.

Адсюль вынікаюць рэпрэсіі затрыманні, арышты і штрафы. Спыніць рэпрэсіі супраць іншадумцаў. Апошняя сітуацыя, калі людзі выйшлі 19 лютага супраць прэзідэнкага дэкрэта №3, на іх былі складзены пратаколы –  гэта зноў суды, зноў штрафы, Такія дзеянні недапушчальныя.

Па-трэцяе, каб гарадскі Савет згодна прэзідэнцкаму дэкрэту №1 ад 17 студзеня 2017 года вызваліў гродзенцаў ад грашовага збору паводле дэкрэта №3. І апошняе, з чым мы будзем выступаць, гэта каб гродзенскія ўлады звярнуліся ў адміністрацыю прэзідэнта з ініцыятывай адмены антыканстытуцыйнага дакумента прэзідэнцкага дэкрэта №3. Наша пазіцыя ўзгодненая і адзіная. Ці будзе гэта сапраўды круглы стол, ці будзе ўлічана пазіцыя прадстаўнікоў грамадскасці, заўтра пабачым”.

9 сакавіка стала вядома, што дзянне прэзідэнцкага дэкрэта №3 прыпыненае да канца бягучага года. Відаць, улады хочуць збіць хвалю пратэстаў супраць гэтага дакумента.