Да Сусветнага дня імунітэту, што адзначаецца 1 сакавіка, у Парэчанскай санаторнай школе прымеркавалі змены ў рацыёне школьнікаў. З гэтага дня цукар ці слодычы з высокім яго ўтрыманнем часткова заменяць мёдам і прадуктамі пчолагадоўлі. Падтрымала ініцыятыву школы прадпрыемста “Мядовы шлях”. Напярэдадні дня імунітэту тут прайшла дэгустацыя страваў і напояў з мёдам, што хутка з’явяцца ў школьным меню.

5

Паводле дырэктаркі школы Ларысы Грышкевіч, у санаторнай школе, дзе выхаванцы знаходзяцца ад адной навучальнай чвэрці да года, такія змены ў харчаванні будуць асабліва карыснымі. Гэта не толькі паспрыяе паспяховай рэабілітацыі і аздараўленню дзяцей, але і дапаможа сфармаваць граматны падыход да здаровага харчавання.

2

Пра ўласцівасці мёду нагадала педыятр Крысціна Маршалак. Мёд утрымлівае 22 з 24 элементаў, што уваходзяць у склад крыві, эфектыўны ў прафілактыцы скаліозу (паляпшае засваенне кальцыю), узмацняе дзеянне лекаў і змяншае іх пабочныя эфекты.

Да ўзмацнення імунітэта збалансаванае харчаванне мае самае непасрэднае дачыненне. Каля 80% клетак імуннай сістэмы месцяцца ў кішэчніку. З дапамогай харчовых прадуктаў уздзейнічаць на яго найбольш эфектыўна.

Досвед выкарыстання мёду ў харчаванні школьнікаў ёсць і за мяжой. У Японіі ў межах праграмы “Здароўе нацыі” кожны школьнік штодзень атрымлівае бясплатна 20 грамаў мёду. Ён можа ўваходзіць у склад дэсертаў ці соўсаў да мяса. Са словаў дырэктаркі “Мядовага шляху” Вольгі Гаўрылік, школьныя абеды ў Японіі разглядаюць як частку навучання, а не як нагоду адпачыць ад яго. Таксама яна распавяла, што  ў  Алтайскім краі Расіі праходзіць зараз пілотная праграма “Школьны мёд”.

4

Ужо з пачатку сакавіка ў меню санаторнай школы з’явяцца бутэрброды з мёдам, а таксама чай і шыпшынавы ўзвар з мёдам. Гэтыя стравы ёсць у рэцэптурным зборніку, паводле якога складаецца рацыён. З прапановай распрацаваць новыя рэцэпты, кшталту каш ці блінчыкаў з мёдам, безцукровых дэсертаў кіраўніцтва школы будзе звяртацца да дыет-тэхнолагаў камбіната школьнага харчавання.

Каб дзеці змаглі не толькі частавацца мёдам, але і даведацца пра яго больш, санаторная школа і “Мядовы шлях” плануюць праводзіць  сумесныя мерапрыемствы  – вытворчыя экскурсіі, майстар-класы, творчыя конкурсы.

1


У  Парэчанскай дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце Гродзенскага раёна вучацца, праходзяць лячэнне і аздараўляюцца дзеці з саматычнай паталогіяй. За навучальны год праходзяць рэабілітацыю каля 500 навучэнцаў з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.

Тут у першую чаргу прымаюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, дзяцей бацькоў-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных сем’яў.