У Гродне 28 лютага ўрачыста адкрылі ганаровае консульства Кыргызскай рэспублікі. На пасаду ганаровага консула прызначаны гродзенскі бізнесмен Ігар Чывель, дырэктар фірмы ItNimax («АйТиНимакс»), якая займаецца кансультацыйнымі, бухгалтарскімі і IT-паслугамі.

Консульства размясцілася па вул. Дзяржынскага, 7а, там жа, дзе і фірма Чывеля. У адкрыцці прынялі ўдзел кіраўнікі горада і вобласці, а таксама пасол Кыргызскай рэспублікі ў Беларусі Кубанычбек Амуралiеў.

У першую чаргу адкрыццё консульства звязана з інтарэсамі грамадзян Кыргызстана ў Беларусі. Таксама кожны гродзенец зможа тут атрымаць падрабязную інфармацыю аб турызме і прадпрымальніцтве ў Кыргызскай рэспубліцы.

«Паколькі ў Гродзенскім рэгіёне праходзіць мяжа з Еўрасаюзам, то мы гатовыя вырашаць цяжкасці грамадзян Кыргызстана пры яе перасячэнні. Таксама мы будзем вырашыць пытанні грамадзян Кыргызстана, якія пражываюць на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей», — сказаў на адкрыццi консульства ганаровы консул Ігар Чывель.

Са словаў ганаровага консула, новая пляцоўка настроена развіваць з беларускiм бокам эканамічныя адносіны. Зараз таваразварот паміж краінамі невялікі, прыблізна 3,5 млн долараў, але Ігар Чывель упэўнены, што адкрыццё консульства будзе садзейнічаць актывізацыі супрацоўніцтва.

51
На тэрыторыі Гродзенскай консульскай акругі, куды ўваходзіць Заходняя Беларусь, пражывае каля 20 грамадзян Кыргызскай рэспублікі. Агулам у краіне — каля 50 чалавек.