У сталіцы Балгарыі з 17 па 22 лютага гродзенка Аляксандра Дораш прымала ўдзел у міжнародным конкурсе прыгажосці “Lady Universe – 2017”. Сярод 34 удзельніц Аляксандра ўвайшла ў “ТОP-10” самых прыгожых дзяўчат, а таксама была атрымала спецыяльны прыз конкурсу “The best talant”.
Нагадаем, Аляксандра ў 2016 годзе стала “Міс Гродна”. У Сафіі яна прадстаўляля Беларусь.
“Вынікам вельмі задаволеная. Я спачатку казала, што мой удзел у конкурсе – ужо перамога. Я прадстаўляла цэлую краіну і гэтым ужо варта ганарыцца. Гэта вопыт, які вельмі важны.
Для мяне было важна годна прадставіць краіну. Я думаю, з гэтым справілася. Дагэтуль мне пішуць новыя знаёмыя, госці, якія былі запрошаныя на конкурс, што вельмі заўзелі за мяне і для іх Беларусь была лепшай. Такія словы для мяне – гэта і ёсць перамога.
Таксама я вельмі ўдзячная ўсім людзям з Гродна і наогул Беларусі, якія заўзелі за мяне. Велізарную колькасць паведамленняў я атрымала перад паездкай, усе жадалі поспеху і я яшчэ раз хачу сказаць ім усім дзякуй. Вядома маім бацькам дзякуй, таму што гэтая паездка і, як я лічу, перамога – гэта наша агульная заслуга”, – кажа Аляксандра.
Галоўны тытул “Lady Universe – 2017” атрымала 26-гадовая ўдзельніца з Украіны – Наталля Уласенка.
Самым цікавым у конкурсе быў вечар нацый i шоў талентаў, дзе Аляксандра дэманстравала ўсходні танец. Дзяўчыну прызналі самай таленавітай у гэтай намінацыі. Дарэчы, гродзенка з’яўляецца чэмпіёнкай свету па “bellydance” 2012 года.
У час конкурсу пра Аляксандру пісалі мясцовыя газеты, як пра адну з фаварытак. Пасля конкурсу ў дзяўчыны з’явіліся цікавыя прапановы працы, якія гродзенка гатова разгледзець. У маі Аляксандра перадасць тытул “Міс Гродна” і паедзе за мяжу. Куды, прыгажуня пакуль не хоча гаварыць.
“Гэты конкурс многае даў зразумець. Цяпер нават неяк шкада, што ўсё скончылася. Самае галоўнае, што ў мяне з’явіўся бясцэнны вопыт, добрыя ўспаміны і сябры з розных краін”.





