У Гродзенскім гарадскім доме культуры 28 лютага пройдзе кастынг ХІ фолк-конкурсу «Гарадзенская беларусачка — 2017» — першы за 20 гадоў. Арганізатары падрыхтавалі і іншыя навінкі, сярод іх — спаборніцтва па чэрлідынгу.
Сёлета ўдзельніцамі змогуць стаць не толькі студэнткі. На кастынг запрашаюць усіх дзяўчат ад 17 да 24 гадоў: навучэнцы школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, ВНУ, рабочая моладзь.
Адзін з арганізатараў конкурсу Сяргей Іваноў адзначае, што сёлетняя «Гарадзенская беларусачка» будзе адрознівацца ад папярэдніх. Упершыню за 20 гадоў існавання конкурсу вырашана правесці кастынг. Галоўным крытэрыям застаецца свабоднае валоданне беларускай мовай. Застанецца кулінарны конкурс, але плануецца адысці ад звыклых караваяў і прыгатаваць іншыя беларускія стравы.
«Адной з фішак гэтага года будзе танцавальны конкурс у стылі чэрлідынгу на беларускі лад. Гэты напрамак набірае рост. У 2016 годзе чэрлідынг быў прыняты ў якасці часовага члена ў Міжнародны алімпійскі камітэт тэрмінам на тры гады. Пасля іх гэты від спорту можа паўторна звярнуцца ў МАК, каб стаць часткай спартыўнай праграмы Алімпійскіх гульняў.
Будучыня ў чэрлідынгу ў Беларусі ёсць, чакаецца рашэнне Міністэрства спорту і турызму аб прызнанні чэрлідынгу відам спорту. Ён будзе ўключаны ў рэспубліканскую студэнцкую ўніверсіяду".
Арганізатары «Гарадзенскай беларусачкі» вырашылі падтрымаць ініцыятыву, дадаўшы ў гэты спорт беларускасцi.
Пастаноўшчыкам новага кірунку ў конкурсе будзе майстар спорту, трэнер і капітан групы падтрымкі «Айсберг» Наталля Вялічка.
Фінал конкурсу пройдзе ў канцы красавіка ў канцэртнай зале каледжа мастацтваў.
Як праходзіў леташні фінал конкурсу, глядзіце тут.