На першым у новым сезоне матчы варшаўскай “Легіі” з амстэрдамскім “Аяксам” пабываў спецыяльны госць – 25-гадовы Ян Янчылік з Гродна. Хлопца з абмежаванымі магчымасцямі запрасіў капітан польскай каманды Якуб Жэзьнічак. Пра гэта піша сайт “Легіі”.
Гэта быў матч 1/16 Лігі Еўропы. Заўзятара з Гродна павітаў старшыня клуба “Легія” і падарыў фірмовую футболку. Гродзенец аддзячыў ручной вышыўкай ад сваёй мамы.
Ян змог наведаць музей клуба, стадыён, офіс, але галоўным пунктам быў вечаровы матч з галандцамі.
Хаця хлопец даўно заўзее за палякаў, ён раней у жыцці наогул не быў на футболе, бо мае ДЦП і перамяшчаецца толькі на вазку. У Беларусі стадыёны не прыстасаваныя да патрэб такіх людзей. Зрэшты, яго марай было патрапіць не проста на нейкі стадыён, а на стадыён любімай каманды. І “Легія” дапамагла яму здзейсніць мару.



