Абураныя каментары гродзенцаў выклікала высечка вялікіх таполяў каля прадпрыемства «Белкард» па вул. Перамогі. Дрэвы спілавалі вечарам у нядзелю 5 лютага. Як патлумачыў Гродзенскаму Зялёнаму парталу галоўны энергетык ААТ «Белкард» Віталь Смольнікаў, ёсць небяспека, што старыя дрэвы ўпадуць на гарадской магістральны газаправод.
«Гэтая небяспека існуе даўно: мы 5 гадоў таму пачалі падымаць пытанне і пісаць у гарадскую ЖКГ, каб распачалі меры. Тэрыторыя, дзе раслі дрэвы, не адносіцца да заводу, аднак галіны, што падалі пасля ураганаў, давалі зразумець небяспеку такога суседства», — растлумачыў Віталь Смольнікаў.
Таполі былі высаджаны яшчэ да ўвядзення нарматыву высадкі дрэў не бліжэй, чым 2,5 метра ад газаправода.Як патлумачыла інжынер Гродзенскай гарадской ЖКГ Вольга Дырында, дрэвы былі паражаныя амелай і мелі сухія галіны. Гарвыканкам узгадніў дазвол на спілаванне дрэў. Самой ліквідацыяй таполяў займаліся прыватныя асобы па замове Гроднагаргаза.
Іншых запытаў на падобныя дзеянні па зносе дрэў у гарвыканкам не паступала. Усе дзеянні былі ўзгоднены з Гродзенскім камітэтам прыродааховы. Створаная камісія палічыла таполі нездаровымі, таму кампенсацыйных выплат у бюджэт не прадугледжваецца. Кампенсацыйныя пасадкі дрэў таксама не прадугледжаныя.
Каштаны на тэрыторыі завода будуць заставацца: іх ніхто не будзе чапаць.