У Гродне з’явіцца ўніверсальны цэнтр па працы з грамадзянамі, які аб’ядноўвае пад адным дахам усе неабходныя службы. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «ГродноПлюс» распавёў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, паведамляе БЕЛТА.
Рэалізацыя праекта па стварэнні ўніверсальнага цэнтра па працы з грамадзянамі пачнецца ў бягучым годзе. Фінансавацца праект будзе са сродкаў ПРААН. На рэканструкцыю будынка і рамонт будзе выдзелена каля 300 тыс. еўра.
«Цэнтр будзе абсталяваны добрым сучасным абсталяваннем. Гэта пілотны праект для ўсёй краіны: нам удалося даказаць, што менавіта ў Гродне мы зможам яго рэалізаваць», — адзначыў Мечыслаў Гой.
Пры стварэнні цэнтра будзе ўлічвацца еўрапейскі вопыт: у адным месцы наведвальнік можа вырашыць адразу некалькі пытанняў ад аплаты да атрымання неабходных дакументаў і даведак. Рэалізаваць праект плануецца на працягу 2017−2018 гадоў.
Старшыня гарвыканкама адзначыў, што сярод іншых абласных цэнтраў у Гродна найменшая колькасць зваротаў грамадзян. «Памяншэнне колькасці зваротаў звязана з тым, што службы на месцах працуюць нядрэнна, — растлумачыў Мечыслаў Гой. — Аднак ёсць патэнцыял для паляпшэння работы».