З 26 студзеня гарналыжны адпачынак у Гродне стаў больш даступным. Уваходны квіток на коробчыцкi “Алімп” патаннеў амаль у два разы. Раней квіток у будні дзень для адпачывальнікаў каштаваў 10 рублёў, цяпер цана знізілася да 6 рублёў. Таксама знізіўся і кошт квітка ў выходны дзень – з 15 да 8 рублёў.

Дырэктар гарналыжнага цэнтра Віктар Шумель распавёў Hrodna.life, што на гэты крок яны пайшлі з эканамічных меркаванняў.

“З адкрыцця ў нас быў усталяваны адзін цэннiк і нават з улікам яго ў нас заўсёды была наведвальнасць. Іншы раз разбіралі ўвесь інвентар. Але з часам народ насыціўся і мы падумалі: чым нікому не даць, лепш хоць нешта даць. Зрабілі мы такія кошты на квіткі з эканамічных меркаванняў”.

У сярэднім па буднях у цэнтры катаецца каля 200 челавек. У выхадны дзень іх колькасць павялічваецца ў два разы.

“У нас цяпер працуюць дзве гарналыжныя горкі і адна цюбінгавая. Горкі ў добрым стане. Нават у плюсавую тэмпературу ў нас нармальны спуск. Нам галоўнае, каб не было дажджоў, і каб трохі ноччу падмарожвала і тады мы можам нармальнага функцыянаваць”, – дадаў Віктар Шумель.