З 23 студзеня футбольны клуб “Нёман” афіцыйна выйшаў з адпачынку. Да першых трэніровак, якія праходзяць на штучным полі ЦСК “Нёман”, прыступіла больш за 25 футбалістаў. У асноўным гэта ўсе гродзенскія гульцы, якія былі ў мінулагодняй камандзе, а таксама тыя, якія вярнуліся з арэнды.
Футбалісты, якія прыступілі да трэніровак, амаль усе прайшлі медабследаванне і актыўна рыхтуюцца да новага сезона. Ёсць і навабранцы, з якімі хутчэй за ўсё гродзенскі клуб падпіша кантракты. Гэта паўабаронцы Валерый Жукоўскі і Андрэй Якімаў, а таксама нападаючы Максім Яблонскі.

«Натуральна, каманда мае патрэбу ва ўзмацненні, а менавіта ў лініі абароны. У нас з’ехаў Уладзіслаў Касмынiн ва Узбекістан, а таксама не працягнулі супрацоўніцтва з Сяргеем Сасноўскім, магчыма, ён яшчэ вернецца ў каманду, толькі ўжо не ў якасці гульца. Арцём Васькоў перайшоў у латвійскі «Вентспілс», Сяргей Ражко адправіўся ў “Віцебск”. Няма ў камандзе і Філіпа Рудзіка, ён зараз разглядае іншыя варыянты, але ёсць верагоднасць, што ён яшчэ вернецца ў Гродна», – распавядае галоўны трэнер “Нёмана” Iгар Кавалевiч.

Зноў у арэнду гродзенцамі ўзятыя гульцы Моладзевай зборнай Уладзіслаў Клімовіч і Яраслаў Яроцкі. З 1-га лютага да “Нёмана” павінен будзе далучыцца і камерунскі паўабаронца Бебе, якому прапануюць новы кантракт.
Трэніруецца актыўна з камандай і Дзмітрый Кавалёнак, які гэты сезон дакладна будзе гуляць. Ігар Кавалевіч кажа, што футбаліст не мае намеру заканчваць кар’еру, ды і ён яшчэ патрэбен камандзе.
Таксама разам з «Нёманам» падтрымлiвае форму і гродзенскі футбаліст Сяргей Лявіцкі, які ў мінулым сезоне абараняў колеры “Слуцка”. З будучым у футбаліста пакуль нічога не вядома.
«Былі нашы футбалісты на праглядах, але вярнуліся. Аляксандр Анюкевич быў у славацкiм “Ружомберке” (Д1), але бакі не прыйшлі да пагаднення, і футбаліст вярнуўся ў Гродна. Такая ж сітуацыя і з Яўгенам Савасцьянавым, які пасля прагляду ў салiгорcкiм “Шахцёры” вярнуўся дадому. Трэніруецца з камандай і Павел Савіцкі. Капітан працягне пакуль супрацоўніцтва з клубам. Тыя варыянты, якія паступалі Паўлу, не задаволілі як яго, так і «Нёман».

Ігар Кавалевіч адзначае, што ўсе футбалісты выйшлі з адпачынку здаровымі і з жаданнем працаваць. З 30-га студзеня каманда засяляецца ў санаторый “Нёман”, дзе правядзе свой першы збор. Ужо на 4-га лютага ў каманды намечаны першы спарынг-матч у сталіцы супраць ФК “Мінск”. З 9 па 11 лютага гродзенцы прымуць удзел у зімовым турніры «Белазавец-2017″ у Жодзіне. А 15-га лютага “Нёман” згуляе з “Гомелем”, месца правядзення матча яшчэ не вядома.
«Такія планы ў каманды на бліжэйшы час. Ёсць верагоднасць, што ў лютым правядзем матч супраць якога-небудзь суперніка ў новым манежы ў Гродне, але ўсё будзе залежыць ад яго запуску”.














