Першая сустрэча гродзенскіх калекцыянераў на новым месцы прайшла 15 студзеня. Клуб аматараў збірання паштовых марак, манет, значакаў, прадметаў даўніны вярнуўся ў самы цэнтр горада — Палац тэкстыльшчыкаў, дзе і дзейнічаў некалі, яшчэ ў часы СССР.
Супольнасць калекцыянераў у Гродне існавала яшчэ з савецкіх часоў, пачаткова як філія Усесаюзнага Таварыства Філатэлістаў - ад заснавання арганізацыі ў 1966 годзе. Аматары хобі спачатку акурат і збіраліся ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў недзе да канца 1970-х, пасля чаго пераехалі ў Гарадскі дом культуры.
Ад сярэдзіны 1990-х да нядаўняга часу сустрэчы праходзілі ў Доме Афіцэраў. Але 1 кастрычніка 2015 года калекцыянеры былі вымушаныя пераехаць у Цэнтр Культуры на вуліцы Паповіча. Цяпер, пасля вандроўкі даўжынёй больш за 35 год, яны вярнуліся ў месца, дзе пачыналі.
«29 студзеня плануем правесці злёт калекцыянераў, дзе чакаем таксама нашых калегаў з іншых гарадоў Беларусі і, з мажлівасці, іншых краін, — сказаў кіраўнік клуба „Скарабей“ Віктар Какарэка. — Таксама гарадскія ўлады падтрымліваюць нашую ініцыятыву правесці пробную выставу-кірмаш прадметаў даўніны, кшталту папулярных у нашых суседзяў блышыных рынкаў, якая размесціцца ўздоўж вуліцы Замкавай. І калі ўсё атрымаецца, паспрабуем праводзіць такія кірмашы штоквартал».
Народны клуб калекцыянераў «Скарабей» пры Гродзенскім гарадскім Цэнтры Культуры збіраецца традыцыйна штонядзелю ад 09.00 да 12.00.