Студэнт Януш Хацян спрабуе рэалізаваць у Гродна праект па вертыкальным азеляненні сцен у офісах. Такі дэкор ўяўляе сабой сцяну ці яе частку, пакрытую мохам або іншымі раслінамі. Фітасцяна не толькі ўпрыгожвае офісную прастору, але і дапамагае палепшыць якасць паветра і прыцягнуць кліентаў, упэўнены малады прадпрымальнік. Пра яго ідэю расказвае Гродзенскі Зялёны партал.
Азеляненне дапаможа прыцягнуць кліентаў і перавабіць супрацоўнікаў
Фітасцяна — канструкцыя для вертыкальнага размяшчэння раслін. Януш запазычыў ідэю з захаду.
— Фітасцены папулярныя ў краінах, якія клапоцяцца пра экалогію: у Еўропе, Амерыцы, — кажа малады прадпрымальнік. — Такія фірмы, як National Geographic, Armani выкарыстоўваюць у сваіх офісах такую планіроўку сцен. Я падумаў, што гэта сапраўды можа быць прыкольна. Сучасныя офісы ў Гродне — напрыклад, у IT-кампаніях — цалкам гатовыя аддаваць за гэта грошы.
— Не сакрэт, што паміж кампаніямі ідзе барацьба за работнікаў. Кіраўнікі пераманьваюць не толькі заробкамі, але і карпаратывамі, адносінамі ў калектыве.
Немалаважны фактар — як ты сябе на працы адчуваеш. Калі зіма, а ты бачыш зялёную сцяну, гэта падымае настрой, — кажа Януш. — Багацце расліннасці ў офісе павышае працаздольнасць і прадуктыўнасць. Да таго ж мох ачышчае і ўзбагачае паветра, што асабліва добра ў месцах збору людзей.
У камандзе Януша два чалавекі: ён і дзяўчына-дызайнер з 3 курса факультэта мастацтваў ГрДУ. Сам Януш — студэнт трэцяга курса спецыяльнасці «Камерцыйная дзейнасць».
Працаваць яны будуць са стабілізаваным мохам з Еўропы. У бліжэйшым часе Януш плануе зрабіць каталог з раслінамі, якія ён будзе пастаўляць з-за мяжы: Германіі, Францыі, Швейцарыі. Яны лепш па якасці, чым расійскія ці кітайскія. Пакуль ён працуе са стабілізаваным мохам і іншымі, непераборлівая ў нашым тэмпературных умовах раслінамі.
Стабілізаваных мох — мох, з якога вільгаць выпампавана і заменена адмысловым растворам. За такім мохам патрабуецца асаблівы догляд. Раз на два месяцы спецыяліст будзе прыходзіць і за пэўную суму замяняць раствор. Затое фітасцяна праслужыць доўгія гады.
Можна зрабіць фітасцяну з грунтам — тады спатрэбіцца дадатковы каркас. Плюс у тым, лічыць Януш, што мох прымае любую форму, і з яго можна лёгка рабіць шары, фігуры, жывыя карціны.
Але ў першую чаргу яны арыентаваныя на фітасцены.
— Усё адбываецца наступным чынам: мы шукаем кліента або кліент шукае нас. Працуем з дызайнерам, дамаўляемся. Майстар робіць замеры. Дамаўляемся, якія расліны будуць. Затым ідзе мая праца па пастаўцы, падпісваюцца дамовы. А потым ідзе пасляпродажная праца — дагляд за раслінай, — тлумачыць Януш.
Праект акупіцца пасля першай замовы
Калі будзе попыт, Януш возьмецца азеляняць і кватэры, і вуліцы. Але пакуль галоўная мэтавая група — офісы. А таксама людзі з дастаткам вышэй сярэдняга.
— У Гродне досыць вялікі рынак збыту. Тут зарэгістравана 400 юрыдычных асоб. Кожная асоба павінна знаходзіцца ў нейкім будынку, офісе. Можна ўпрыгожваць гіпермаркеты. У нас ёсць чатыры гіпермаркеты, рынак «Карона», якія маюць патрэбу ў азеляненні, — усміхаецца Януш. — Прыклад ёсць у Варшаве — гіпермаркет «Złota góra», які ўпрыгожаны шчыльнай зялёнай сцяной.
Прыкладам «вулічнай» фітасцяны ў Гродне Януш называе сцяну галоўнага корпуса ўніверсітэта імя Янкі Купалы, спавітую плюшчом. І летам, і восенню яна вельмі папулярная ў Instagram.
На гродзенскім ІнвестУікэндзе Януш атрымаў першы заказ. Абяцае распавесці пра яго, калі выканае да канца і зробіць фотасправаздачу.