Каля 100 падапечных Гродзенскага дабрачыннага таварыства 8 студзеня пабывалі ў маёнтку Каробчыцы, дзе атрымалі навагоднія падарункі і прынялі ўдзел у святочнай праграме. Падарункі збіралі валанцёры таварыства на працягу снежня ў гандлёвых цэнтрах горада. Гараджане набывалі рэчы згодна з пажаданнямі, якія дзеці выказалі ў лістах.
Дырэктар Гродзенскага дабрачыннага таварыства Антаніна Місюкевіч распавяла Hrodna.life, што ніводнае дзіця не засталося без падарунка.
«Такая дабрачынная акцыя ў нас праходзіць шосты год запар, а менавіта ў Каробчыцах — другі. Падарункі збіралі пераважна для дзяцей інвалідаў, якія навучаюцца ў Гродне, раёне або вобласці. Дзеці прасілi рознае: ад сродкаў гігіены да скейтбордаў і верталётаў на пульце. Але ў большасці прасілі неабходныя рэчы — куртку, кнiгi i iншае».
Дзяцей у Каробчыцы даставілі трыма аўтобусамі. Тут ім паказалі казачнае прадстаўленне з Зюзяй, Дзедам Марозам і Снягуркай. Пасля валанцёры і арганізатары акцыі ўручылі дзецям падарункі. Завяршэннем святочнай паездкi ў Каробчыцы стаў абед.