«Згубіўся сабака на Белых Росах…», «Новы сабака ў САХ…», «Калі ласка, дапамажыце мне знайсці майго сабаку…», «Жывёла спалохалася выбуху петардаў і збегла…». Шмат такіх аб’яваў у першых днях студзеня можна ўбачыць на форумах і ў сацыяльных сетках. У Гродне ў навагоднюю ноч згубілася некалькі дзясяткаў хатніх жывёл.

Валанцёр Пункта часовага ўтрымання безнаглядных жывёл Юлія Сарока распавяла Hrodna.life, што сёлета, як і летась, у першых днях студзеня да іх патрапіла шмат жывёл.

Часта ў гэтым вінаватыя самі гаспадары, якія неабачліва ўзялі гадаванцаў у навагоднюю ноч на вуліцу. Феерверк i петарды — абавязковы атрыбут кожнага навагодняга свята. Гучныя выбухі і яркія ўспышкі пужаюць жывёл, у выніку пасля святаў прытулкі перапоўненыя згубленымi сабакамі.

«Спалохаўшыся, сабакі бягуць дзе вочы панясуць. Некаторыя зрываюцца з павадкоў, а часцей яны проста не былі на павадку. Ведаючы, што сабака баіцца феерверкаў, трэба вадзіць яго на павадку, а не спускаць, або выгульваць пасля 12 ночы, — кажа Юлія Сарока. - У групах дапамогі жывёлам у сацыяльных сетках перад навагоднімі святамі часта папярэджваюць гаспадароў, каб тыя былi пільныя i бераглi сваіх гадаванцаў, але многiя зноў не звярнулi ўвагу на гэтыя папярэджанні».

Варта як мага хутчэй размяшчаюць інфармацыю пра зніклага гадаванца ў сацыяльных сетках. Як адзначаюць валанцёры, сацыяльныя сеткі вельмі дапамагаюць у пошуках.

3

Як шукаць сабаку, які ўцёк у навагоднюю ноч?

Валанцёры «Адданага сэрца» падрыхтавалi інструкцыю для гаспадароў, якія шукаюць сваіх зніклых гадаванцаў.

1. Калі сабака быў пародзісты, то перш за ўсё патэлефануеце заводчыку і ў арганізацыю, дзе ён быў зарэгістраваны.

2. Надрукуйце пабольш аб’яў і флаераў.

3. У аб’яве падрабязна апішыце сабаку, абавязкова прыкладайце фатаграфію і не забудзьцеся напісаць, што гарантуецца ўзнагароджанне. Аб’явы неабходна расклеіць:

• на бліжэйшых пад’ездах

• прыпынках

• крамах

• аўтазаправачных станцыях

• школах, дзіцячых садках, спартзалах, каля паліклінікі

4. Аб’явы часта зрываюць, таму расклейваць іх неабходна штодня. Флаеры можна раздаць людзям, якія выгульваюць сваіх сабак, не палянуйцеся схадзіць на бліжэйшыя сабачыя пляцоўкі і месцы выгулу сабак. Вельмі дапамагаюць у пошуку сабак школьнікі. Можна схадзіць у бліжэйшыя школы і папрасіць паглядзець сабаку, раздаўшы дзецям флаеры. Звычайна дзеткі з радасцю згаджаюцца і вельмі ўзмоцнена шукаюць, бо так можна зарабіць грошы. Абавязкова падыдзіце да дворнікаў, суседзяў і абавязкова да бабуль, якія сядзяць ля пад’езду.

Чым больш людзей будзе ведаць, што згубіўся сабака, тым лепш.

5. Абыдзіце ўсе заакрамы і ветэрынарныя клінікі ў вашым раёне, таксама ўсе буйныя клінікі і заакрамы ў вашым горадзе.

Часта людзі, якія падбіраюць сабаку на вуліцы, звяртаюцца за дапамогай у ветэрынарныя клінікі ці проста могуць прыйсці ў краму за пакупкамі. Пакіньце інфармацыю ветэрынарным лекарам і прадаўцам гэытх магазінаў, абавязкова наляпіце аб’явы.

6. Звярніцеся ў САХ.

7. Дайце аб’яву ў газеты, на радыё і тэлебачанне.

8. Абавязкова дайце аб’яву ў інтэрнэце.

9. Патэлефануйце ў прытулак і пакіньце інфармацыю пра вашага сабаку.

10. Некалькі разоў у дзень абыходзіце тыя месцы, дзе вы часцей за ўсё гулялі са сваім гадаванцам.