ІХ справаздачна-выбарчы з’езд Саюза Палякаў у Беларусі прайшоў у Гродне 10 снежня. На яго прыехала каля 200 дэлегатаў. Старшынёй арганізацыі, якую не прызнаюць беларускія ўлады, але якую падтрымлівае польскі бок, стала Анжаліка Борыс.

Усяго былі прапанаваны чатыры кандыдаты: абраны ў 2012 годзе старшыня Мечыслаў Яськевіч, які балатаваўся на другі тэрмін, Анжаліка Борыс, Юзаф Пажэцкі і Ірэна Бернацкая. Пры гэтым апошнія два кандыдаты ўзялі самаадвод.

Борыс падтрымлівалі такія знаныя дзеячы СПБ, як журналіст Анджэй Пачобут і першы старшыня арганізацыі, адзін з яе стваральнікаў Тадэвуш Гавін. У выніку 99 удзельнікаў з’езду прагаласавалі за Борыс, 85 за Яськевіча і пяць — супраць усіх кандыдатаў. Хаця барацьба была зацятай, а Мечыслаў Яськевіч меў нямала адданых прыхільнікаў, многія дзеячы СПБ лічылі, што як старшыня ён не спраўдзіўся, а апошнія чатыры гады ў арганізацыі заўважна была стагнацыя.

zjazd-zpb-borys-022

Новаабраная старшыня Анжаліка Борыс плануе працаваць дзеля пашырэння польскай адукацыі (усё ж — яна ў мінулым настаўніца), узмацнення аўтарытэту арганізацыі і рэгіянальных прадстаўніцтваў, а таксама дзеля легалізацыі саюза. У СПБ лічаць, што пацяпленне адносін паміж Мінскам і Варшавай можа спрыяць гэтай справе.

Дагэтуль Борыс была старшынёй Рады СПБ, а яшчэ раней ужо кіравала Саюзам палякаў - з яе выбару на пасаду старшыні ў 2005 і пачаўся раскол у арганізацыі. Тады ўлады не прызналі вынікі з’езду, адмянілі іх і правялі свой, на якім быў абраны лаяльны да беларускай улады кіраўнік. З таго часу у Беларусі існуюць два саюзы палякаў: афіцыйны, залежны ад уладаў Беларусі, і неафіцыйны, які прызнае Польшча.