Хакеісты гомельскага клуба здолелі супрацьстаяць “Нёману” і перапынілі яго бяспройгрышную серыю, якая доўжылася 14 матчаў. Але варта адзначыць, што ў Гомелі “рысі” здолелі абыграць каманду Сяргея Пушкова толькі ў авертайме.
Гаспадары добра пачалі гульню і ўжо да 5-й хвіліны вялі з лікам 2:0. Гродзенцы яшчэ ў першым перыядзе здолелі адыграць адну шайбу, вызначыўся Кліменка.
На старце другой дваццаціхвілінкі Лісічкін зраўняў лік. Але больш гульцам “Нёмана” вызначыцца не атрымалася, хоць і хапала магчымасцяў для ўзяцця варот.
Трэці перыяд прайшоў без забітых шайбаў. А кропку ў матчы хакеісты “Гомеля” паставілі ўжо ў авертайме, на 4-й дадатковай хвіліне.
“Гомель” – “Нёман” 3:2 (АВ) (2:1, 0:1, 0:0, 1:0)
Голы:
01.40 1:0 – Гаранiн (Заламай, Брахманiс, – бол.)
04.47 2:0 – Коласаў (Топаль, Усенка)
14.29 2:1 – Клiменка (Пасют, – бол.)
22.36 2:2 – Лiсiчкiн (Жiдкiх, Кiслый)
63.40 3:2 – Волчак (Мядзель)
Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў адзначыў, што ў матчы поспех быў на баку “Гомеля”.
“Хацеў бы павіншаваць гаспадароў з перамогай. Што сказаць, мы сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі на працягу апошніх некалькіх дзён. Хвароба накінулася на нашу каманду. Некаторыя хлопцы прыхварэлi трошкі, але гэта так, адхілена. А па сённяшняй гульні, што можна сказаць: гаспадары вельмі актыўна пачалі, павялі 2:0. Але, лічу, што потым мы пераламалі гульню, не так дрэнна гулялі ў атацы, адзінае што – трымалі шайбу, але такіх, асабліва вострых момантаў не стваралі. Напэўна, адсюль і вынік, што ў нас даволі -такі шмат было выдаленняў сёння, а гаспадары згулялі дысцыплінавана, практычна без выдаленняў, за выключэннем двух, якія былі ў гульні – шэсць. Дысцыплінавана сыгралі. Таму мы не мелі так ужо шмат галявых момантаў. Хоць, дастаткова было магчымасцяў для таго, каб выйграць гэты матч. Але, на жаль, гаспадары апынуліся ў канцоўцы мацней. Поспех спадарожнічаў ім у матчы”.