На вуліцы Дзяржынскага пачалася рэканструкцыя аднаго з будынкаў вайсковага шпіталя, які доўгі час пуставаў. Вядома, што пасля будаўнічых работ аб’ект так і застанецца належаць вайсковым медыкам.
Дадзены будынак не ўвайшоў у комплексны рамонт 2012 года і доўгі час пуставаў. У канцы 2016 года было прынята рашэнне ўзяцца за рэканструкцыю аб’екта. Як распавялі будаўнікі, ад старога будынка застануцца толькі сценкі, але істотнай шкоды комплексу гэта не нанясе.
Вядома, што ўвесь комплекс вайсковага шпіталя мае статус гісторыка-культурнага помніка і ахоўваецца дзяржавай. Комплекс ў 1895 годзе быў пабудаваны як казармы сапёрнага батальёна. Ён складаўся з 12 розных пабудоў, збудаваных з жоўтай цэглы. Тут заўсёды знаходзіліся ваенныя. У 1911−1913 гадах дыслакаваўся 4-й сапёрны батальён, у 20−30-я гады гэта былі казармы імя Панятоўскага. З пасляваенных гадоў і да сёння працуе вайсковы шпіталь. На тэрыторыі шпіталя усталяваны мемарыяльны знак медыцынскім работнікам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама на будынках шпiталю можна знайсцi шмат цiкавых запiсаў. Ва ўсе часы салдаты розных армій, стоячы на варце, пакідалі на сценах будынка ўласныя імёны і даты.