Упершыню на экскурсію ў Свята-Пакроўскі сабор запрасілі бяздомных з дома начнога знаходжання. На працягу гадзіны ім паказвалі храм, а той, хто адолеў лесвіцу, змог пабачыць яшчэ і званіцу.

Прымусам нікога ў царкву не цягнулі. Каля 10 бяздомных прыйшлі па закліку сэрца.

Служыцель сабора Яўген Кулак ужо некалькі разоў быў у доме начнога знаходжання і праводзіў там гутаркі з жыхарамі. Цяпер ён вырашыў запрасіць іх у сабор.

«З домам начнога знаходжання мы пачалі супрацоўнічаць зусім нядаўна і людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы, мы трохі дапамагаем. Адзін з напрамкаў працы царквы гэта сацыяльнае служэнне: дапамагаць не толькі малітвай, але і справай. Сёння мы для нашых гасцей правялі экскурсію, каб яны пазнаёміліся з храмам і бачылі, хто ім дапамагае. Многія з гэтых людзей атэісты. Наша мэта дапамагчы, падаць руку. Бо сярод іх многа добрых людзей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы».

23

Аляксандр не мае ўласнага дома ўжо некалькі гадоў. Ён прыйшоў у храм на экскурсію, бо ў яго было шмат вольнага часу.

«Да нас на Карскага кожную сераду прыходзяць прадстаўнікі сабора, чытаюць малітвы, праводзяць гутаркі. Такая падтрымка важная для многіх з нас. Зусім нядаўна нам дырэктар сказаў, што нас хочуць бачыць у храме. У кагосьці атрымалася прыйшлі, хтосьці не змог, бо працаваў. Я з самай раніцы ў горадзе і такую падзею вырашыў не прапускаць. Што тычыцца нашага становішча, то радуе тое, што ёсць дзе пераначаваць у чалавечых умовах. Калі б не гэты дом начнога знаходжання, мы б усе апынуліся на вуліцы».

У саборы распавялі, што гатовыя разглядаць просьбу аб дапамозе людзям, якiя апынулicя ў цяжкiм становiшчы. Але гэта будуць рабiць толькі пасля вывучэння канкрэтнай сітуацыі, бо ў апошні час з’явілася шмат ашуканцаў.

24

Яшчэ адну невялiкую гicторыю распавёў Алег, якi застаўся на вуліцы пасля таго як няўдала прадаў кватэру.

«Нам усім не хапае дома і сям'і. Мы апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. У кожнага гісторыя свая. Я, напрыклад, прадаваў кватэру і мяне кінулі. Ашуканцаў пасадзілі ў турму, а я апынуўся на вуліцы. Дзякуй Богу, што начаваць ёсць дзе, а вось харчуемся за свой кошт.

Я інвалід, працу знайсці не магу, пенсіі хапае толькі на прадукты. Зараз наступіла зіма і згодна з правіламі дома начнога знаходжання пасля пад’ёму мы павінны пакінуць пакой і адпраўляцца на вуліцу да самага вечара. А што нам рабіць на вуліцы? Іншы раз у крамах і на вокзалах сядзiм. Цяжка, але выхада іншага ў нас няма".

У будучыні бяздомных збіраюцца запрашаць на канцэрты, на агульныя малітвы і іншыя мерапрыемствы, якія праводзіць сабор.

25
26
27
28
29