Сёлета на конкурсе “Студэнт года Беларусі” Гродзеншчыну будзе прадстаўляць студэнтка ГрДУ Вераніка Кажанеўская. Абласны этап конкурсу прайшоў 24 лістапада ў Моладзевым цэнтры “Гродна”. Сярод прадстаўнікоў трох ВНУ журы выбрала Вераніку, якая вучыцца на педагагічным факультэце.

Тры дзяўчыны – лепшыя студэнткі трох гродзенскіх універсітэтаў – змагаліся за перамогу ў розных конкурсах: творчым, інтэлектуальным і конкурсе “візітная картка”.

Канкурсанткі выступалі пераважна на беларускай мове, бо ў краіне аб’яўлены Год культуры.

Акрамя перамогі ад журы Вераніка Кажанеўская стала і лепшай у інтэрнэт-галасаванні, а таксама ў конкурсе глядацкіх сімпатый.

Другое месца ў конкурсе заняла прадстаўніца Медыцынскага ўніверсітэта Валерыя Седушкiна. Трэцяй стала дзяўчыны з аграрнага – Карына Швораб.

Лепшай студэнтцы вобласці падарылі дыплом i планшэт. Хутка Веранiка прадставіць Гродзеншчыну на рэспубліканскім конкурсе Студэнт года.