TEDхHrodnaWomen — жывая трансляцыя канферэнцыі з Сан-Францыска — сабрала 29 кастрычніка ў «Цэнтры гарадскога жыцця» дваццаць дзяўчат і чатырох хлопцаў. У сяброўскай атмасферы прайшлі дзве сесіі па паўтары, на якіх можна было паслухаць заакіянскіх экспертаў з псіхалогіі, сацыялогіі, нейрабіялогіі ды іншых галін ведаў.

Тайм-менеджмент і жанчыны ў медыях

Перад праглядам удзельнікі сабраліся ў суседняй кавярні «Раскоша», каб пазнаёміцца і пагаманіць. Сярод дзесяці дзяўчат быў толькі адзін хлопец — валанцёр з Францыі Эмрык.

4s1i2nuhjns

Калі ўсе перайшлі ў «Цэнтр», там ужо чакалі арганізатарскі ды іншыя цікаўныя да TED гродзенцы. Першая сесія — «It's about my timе» была прысвечаная тайм-менеджменту. Выступоўцы казалі, як знайсці час на свае патрэбы, як палепшыць свет чысткай паштовай скрыні, як сачыць за сваімі эмоцыямі, каб знайсці вольны час, і чаму матуліна малако мае такі вялікі сэнс для чалавека.

Пасля невялічкага перапынку і абмеркавання ўбачанага, прысутныя вырашылі паглядзець чацвёртую сесію пад назвай «It's time for a new story». Яна была прысвечаная прысутнасці жанчын у медыя, сацыяльным уяўленням аб іх адвазе, кантролю над часам, ілюзіі салідарнасці да чалавечых гісторый і выхаванню маладых мужчын у сучасным грамадстве.

r0umvamil0w

Падзея мела два галоўныя акцэнты — фемінісцкі і адукацыйны. Кантэкст быў накіраваны на ідэі жанчын і падкрэсліваў іх ролю ў навуцы і грамадстве. Адукацыйны ўплыў вынікаў з таго, што трансляцыя ішла па-англійску без субтытраў, ды і наогул на працягу ўсяго мерапрыемства трэба было размаўляць на англійскай мове, бо сярод прысутных былі іншаземцы.

Хочацца больш людзей з вуліцы

Адказы на пытанне «Ці паўплывае TEDxHrodnaWomen на беларускае фем-кам'юніці, на зламанне гендарных стэрэатыпаў і на стаўленне да жанчын?» пакуль пачынаюцца са шматкроп’яў. Вось што казалі ўдзельнікі прагляду:

«Для Беларусі, канечне, гэта дзіка, выражаць так свае думкі [у форме выступаў TED — рэд.]. Мы спрабуем дагнаць Захад, але мы да іх бліжэй у плане гаджэтаў, а не ў сацыяльным, не ў гендарным развіцці. На колькі мы там, на жыццё адсталі?»

«Канешне, паўплывае! Першы сродак барацьбы з праблемай — гэта гаварыць пра яе, як раскажаш аднаму, ён раскажа другому».

khwpv96dvlm

«Хочацца, каб было болей людзей „з вуліцы“ для разбівання стэрэатыпаў - каб людзі прыходзілі і глядзелі, што жанчыны гавораць аб такіх рэчах, змяняюць свае жыцці. Шкада, што прыйшлі не ўсе, хто зарэгістраваўся. Таксама хочацца, каб на такія мерапрыемствы прыходзілі людзі ўсіх узростаў, сацыяльных статусаў. На жаль, можа быць моўны бар’ер. Вельмі добра, што прыйшлі мужчыны».

«Патрэбна стварыць і лабiраваць закон аб пакаранні за гвалт, закон аб абарончых ордэрах, закон аб тым, каб хатні гвалт стаў не справай прыватнага абвінавачвання, а грамадскага. Адпаведна, каб гэта рабілася за кошт дзяржавы, а не жанчын. Каб гэта хтосьцi лабіраваў, патрэбны людзі з актывісцкім духам, які можна атрымаць у час такіх вось дыскусій як на TED. Гэткі эмацыянальны зарад прывядзе да даго, што чалавек сам пойдзе ў актывізм і будзе змяняць свет да лепшага».

Што такое TED?

TED (Technology Entertainment Design) — некамерцыйны фонд, вядомы сваімі інтэлектуальнымі канферэнцыямі, якія праводзяцца штогод з 1984 года ў ЗША. Канферэнцыі TED прысвечаны распаўсюджванню ўнікальных ідэй у навуцы, культуры, палітыцы, бізнесе, сферы глабальных праблем, мастацтве, тэхналогіях і забавах.

TEDх гэта праект, які дае магчымасць невялікім групам людзей у розных частках свету рабіць канферэнцыі ў стылі TED. Такія канферэнцыі з’яўляюцца самастойнымі мерапрыемствамі і ладзяцца па ліцэнзіі. У Беларусі яны пачалі правадзіцца з 2009 году, у Гродне з 2014.

TEDWomen — трохдзённая канферэнцыя, асноўнымі тэмамі якой з’яўляюцца моц і здольнасці жанчын і дзяўчат быць стваральніцамі, уплываць на людзей і рэчы дзеля перамен.