Яшчэ ў канцы кастрычніка ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што шэраг сур’ёзных каманд, якія выступаюць у наймацнейшым дывізіёне Іспаніі, праяўляюць цікавасць да гродзенскага паўабаронцы Паўла Савiцкага.

Першым такую інфармацыю апублікавала ў твітары іспанскае выданне Валенсіі «La Naranja Mecánica»:

https://twitter.com/La_NaranjaMec/status/791 641 776 570 437 632

Ужо 2-га лістапада інфармацыя дайшла і да Беларусі, але многія аматары футбола не паверылi ў цікавасць такіх іспанскіх каманд як «Валенсія», «Севілья», «Эспаньёл», «Вільярэал» і «Бетiс» да Паўла Савіцкага.

Але гэта пацвердзіў агент гродзенскага футбаліста Максім Карагодзiн.

«Так, інфармацыя праўдзівая, мы вядзем зараз шмат працы ва ўсіх напрамках, вядзем перамовы з многімі еўрапейскімі клубамі і не толькі іспанскімі. Цікавасць да Паўла вельмі высокая, прапаноў шмат. Дзе ён апынецца — пакажа час, бліжэй да канца года будзем сумесна прымаць рашэнні».

Пацвердзіў гэта і старшыня футбольнага клуба «Нёман» Іван Варсовiч, які адзначыў, што ў выпадку пераходу гродзенца па заканчэнні кантракта ў іншы клуб, «Нёман» атрымае кампенсацыю, бо футбалісту няма яшчэ 23 гадоў.

Кантракт паўабаронцы з «Нёманам» разлічаны да канца гэтага сезона, у якім засталося згуляць усяго тры матчы.

У гэтым сезоне Савіцкі правёў 22 матчы і забіў 6 мячоў, таксама вызначыўся ў гульні за зборную Беларусі.

Паводле дадзеных сайта transfermarkt.de, на чэрвень 2016 года цана гродзенскага футбаліста складала 600 тысяч еўра. А роўна год таму Савіцкі каштаваў на 150 тысяч еўра больш.

3