У 2010 годзе ў Гродне пры пракладцы труб у раёне вуліцы Матросава будаўнікі на двухметровай глыбіні знайшлі незвычайны металічны прадмет, які з выгляду быў падобны да сярэднявечнага мяча. Знаходка засталася будаўнікам, а потым трапіла ў Расію.
Тады незвычайны прадмет адным з першых узяў у рукі галоўны інжынер СУ 178 Мікалай Дырында. Ён прыйшоў у рэдакцыю газеты «Гродзенская праўда» і распавёў гродзенцам пра знаходку.
Не стары меч, а кавалак арматуры або частка механізму?
На форумах і спецыялізаваных сайтах да сёння ідзе дыскусія наконт знойдзенага прадмету. Але яшчэ раней гродзенскія гісторыкі і археолагі прыйшлі да меркавання, што знаходка не з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю — гэта толькі кавалак арматурыны або механізму.
Беларускі спецыяліст па халоднай зброі часоў ВКЛ Юрый Бохан таксама адзначыў, што знаходка не з’яўляюцца гістарычным прадметам.
Да такіх жа высноваў прыйшоў і карыстальнік Stromgard на сайце пра зброю sword.dirty.ru, але за знаходку ён быў гатовы аддаць 50 еўра, а з паказаным месцам у два разы больш.
«Калі знайшоў не ў горадзе на глыбіні двух метраў - яго туды спецыяльна закапалі або каўшом уціснулi. Аналагаў гэтай „адкрывашкi“ я не бачыў. Ёсць шанец, што гэта чыйсцi асабісты выраб, альбо меч падазрона добра адноўлены для тых часоў, калі мячы былі актуальныя, альбо ён ляжаў у масле. Заканчэнне мяча падазрона якаснае, як па стане, так і па коўцы, карозія не кранула самыя падступныя месцы — грані ляза, быццам іх і не тачылі зусім. Самае тонкае месца — „адкрывашка“ — быццам учора навостраная, а карозія за 10−15 гадоў павінна была яе ператварыць у рваную дзірку. Схіляюся да таго што гэта гэта нейкая творчасць па матывах зброі оркаў з „Уладара пярсцёнкаў“. Або інструмент».
Прадаў, бо патрэбныя былі грошы
Паколькі прадмет не быў прызнаны гістарычнай каштоўнасцю, ён застаўся ў будаўнікоў, а дакладней у Мікалая Дырынды. Сёння ён працуе ўжо ў іншым месцы. «Меч» ён прадаў калекцыянерам з Расіі. Патлумачыў гэта тым, што яму былі патрэбныя грошы. Праўда, за якую суму знаходка паехала на ўсход, даведацца так і не атрымалася. Чаму рускіх калекцыянераў зацікавіла знаходка — невядома.