Увечары 27 кастрычніка ў рэдакцыю hrodna.life паступіў званок: на вуліцы БЛК, каля дома 44, спілавалі дрэвы, а жыхары дома абураюцца дзеяннямі камунальных службаў. Як высветлілася, дазвол на спiлоўванне быў атрыманы яшчэ тры гады таму.
Пенсіянерка Зінаiда Юстынаўна (на галоўным здымку) доўгія гады дамагалася таго, каб дрэвы ля яе дома спілавалi, бо яны перашкаджалi ёй жыць.
«Тэлефануюць і скардзяцца з іншых пад’ездаў, так хай яны адказваюць за свае дрэвы, а мы будзем за свае. Мы напісалі заявы, што дрэвы перашкаджаюць дому, таму што яны былі пасаджаныя не па нормах.
Калі яны выраслі, у людзей пачаліся вялікія праблемы. Напрыклад, у майго суседа на першым паверсе пастаянна з’яўляецца вільгаць — псуецца мэбля. Іншая суседка ўвесь час скардзілася, што галінкі ад дрэў лезлі да яе ў акно.
Мы гаспадары пад’езда і зрабілі як нам лепш. Тым больш, там яшчэ быў куст і ўвесь час мужыкі нейкія выпiвалi. Гэта нармальна? Вось мы і пазбавіліся ад гэтых зараснікаў".
Суседзі Зінаiды Юстынаўнай кажуць, што ёй наогул увесь час нешта не падабаецца.
Станіслаў жыве на трэцім паверсе, дрэвы былі якраз перад яго вокнамі, але яны яму чамусьці не перашкаджалі.
«Я не супраць дрэў быў і не скажу, што яны мне заміналі. Думаю, службы паспяшаліся са спілоўкай, маглі б для пачатку даведацца і меркаванне іншых жыхароў. Раней дрэвы цень давалі, а зараз будзе як у пекле».
Адказнай за дрэвы з’яўляецца старшыня праўлення ЖСПК Валянціна Чысцякова, якая адзначыла, што на спілоўку дрэў былі атрыманы дакументы яшчэ тры гады таму.
«Меркаванне жыхароў разыходзіцца, але так заўсёды было і будзе. Але трэба дзейнічаць у рамках бяспекі.
У мяне на кожнае дрэва ёсць дазвол. Мы тры гады чакалі пілу і машыну. Дрэвы пачаткова былі пасаджаныя з парушэннем тэхнікі бяспекі і яны знаходзілася на вельмі блізкай адлегласці ад дома. І калі быў моцны вецер, галінкі біліся аб вокны.
Дрэвы, сапраўды шкада, але іх трэба было прыбіраць. Калі б яны ўпалі, то бяды было б больш".
Спілаваным дрэвам, а гэта рабіна, ліпа і дзве бярозы, было каля 40 гадоў. Плануецца, што ў будучыні на месцы іх пасадзяць новыя, згодна з усімі нормамі бяспекі.