Пад праліўным дажджом 22 кастрычніка каманда Ігара Кавалевіча здолела ў хатнім матчы набраць важныя тры ачкі. Пры невялікай аўдыторыі «Нёман» разграміў «Гарадзею» з лікам 3:0.
Супернікі знаходзіліся ў аднолькавых умовах, але да халоднага і праліўнога дажджу прыстасаваліся лепш гаспадары. Гарадзенцы як задалі тон у пачатку, так і прытрымліваліся яго да канца матчу.
Першы гол у гульнi забіў Уладзіслаў Касмынiн на 27-й хвiлiне, які пасля падачы з вуглавога першым апынуўся на мячы. Яшчэ да перапынку гарадзенцы павялічылі сваю перавагу. Памылка брамніка гасцей дазволiла на 38-й хвiлiне забiць Паўлу Савіцкаму.
Пасля перапынку гаспадары не збавілі абароты, а яшчэ больш сталі насядаць на вароты гасцей. Для ўмацавання гродзенцаў Кавалевіч выпусціў Кавалёнка. Але ў другім тайме жоўта-зялёныя здолелі вызначыцца толькі аднойчы. На апошніх хвілінах матчу Павел Савіцкі ўпэўнена прайшоў абарону гасцей і абыграў брамніка, тым самым паставіў кропку ў матчы.
«Нёман» — «Гарадзея» — 3:0 (2:0)
Галы: 1:0 — Касмынін (27, пас — Паўлавец), 2:0 — Савіцкі(38), 3:0 — Савіцкі(86).
Пасля матчу галоўны трэнер гарадзенскага «Нёмана» Ігар Кавалевіч пракаментаваў буйную перамогу над «Гарадзеяй».
«Не заўсёды лік адлюстроўвае тое, што адбываецца на полі. Але думаю, што на перамогу мы найгралі. „Гарадзея“ — магутная сілавая каманда. Мы настройваліся на цяжкую гульню. Але нам удалося вытрымаць націск, давесці матч да перамогі. Віншую каманду з перамогай. З „Тарпеда-БелАЗ“ вось мы прайгралі, прапусціўшы ў канцы. Тут жа выйгралі. Я заўсёды казаў, што лепш адзін раз прайграць і раз выйграць, чым два разы згуляць унічыю».
Перамога над «Гарадзея» дазволіла «Нёману» падняцца на 12 месца ў турнірнай табліцы. У гродзенскай каманды ў актыве 28 ачкоў.