У Гродне ідзе дэмантаж старога фантана на вуліцы Лермантова. Плануецца, што на яго месцы з’явіцца звычайны газон.
Доўгія гады ў горадзе не маглі прыняць рашэнне, што рабіць з фантаном, які належыць камітэту сельскай гаспадаркі. Але ў канцы лета высветлілася, што фантан не прыдатны для эксплуатацыі, а таксама ён не падлягае аднаўленню. У выніку было прынята рашэнне дэмантаваць яго.
Фантан быў пабудаваны ў 1986 годзе для патрэб упраўлення сельскай гаспадаркі аблвыканкама. Пры гэтым будаваўся ён не як звычайны фантан, а як элемент астуджэння электронна-вылічальных машын упраўлення.
«Фантан ўжо доўгія гады не працуе, прыблізна з 1991 года, а да гэтага часу ён перыядычна ўключаўся.
Нядаўна там капалі, то рабочыя сказалі, што трубы ў дрэнным стане, бо больш за дваццаць гадоў яны былі без вады. Каб фантан запусціць, трэба ўсё перарабляць, а гэта вельмі затратна для горада. Ды і ніхто не мае патрэбы ў iм", — распавядае начальнік упраўлення арганізацыйна кадравай работы Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні гродзенскага аблвыканкама Віктар Цыдзік.
Яшчэ некалькі гадоў таму, калі ў Гродне старшынёй аблвыканкама быў Сямён Шапіра, планавалася фантан прыбраць і на яго месцы зрабіць турыстычны аб’ект з каменнымі макетамі, але задумку рэалізаваць не ўдалося, бо Шапіру перавялі ў Мiнск.
«Пасля дэмантажу на месцы фантана будзе лужок. Зямля будзе належаць гораду і магчыма там штосьцi цікавае зробяць. Можа грамадскасць падкажа», — дадаў Віктар Цыдзік.
Яшчэ ў пачатку 2016 года цікавую ідэю па выкарыстанню мясцовасці ля фантана прапаноўвала гродзенская арганізацыя «Карпарацыя спорту»: зрабіць алею або парк зорак гродзенскага спорту, якая б вяла да спартыўнага комплексу «Нёман».