У гродзенскім ЖЭСе №6 афіцыйна працуе чацвераногі супрацоўнік, зарплату якому плацяць аўсом і сенам, а прэмія выдаецца цукеркамі. Конь Кузя ўжо 18 гадоў з гонарам выконвае ўсе службовыя абавязкі – перавозіць людзей і дастаўляе грузы ва ўсе канцы Гродна. За ўсе гады ён ні разу не быў на бальнічным і не браў адгулы. Увогуле, арэ Кузя як конь. Усе падрабязнасці – у карэспандэнта БТ Дзмітрыя Смірнова.
Кузя, сапраўды, работнік адказны і працуе па штатным раскладзе – з 8 раніцы і да 5-й вечара. Возіць грузы, дастаўляе да месца рамонту рабочых. Іван – галоўны возчык і конюх Гродзенскага ЖЭСа. З Кузям разам яны ўжо сем гадоў праходзяць тэхагляды і стаяць у гарадскіх корках.
Працоўныя конныя маршруты Кузьмы ў дзень расцягваюцца на некалькі кіламетраў. Тэрыторыя шостага ЖЭСа па плошчы – амаль мікрараён. Але, па словах самога Івана, з такім напарнікам кожны дзень на працы – задавальненне.
У ЖЭСе кажуць, што конь у горадзе больш эфектыўны за аўтамабіль. Развярнуцца або прыпаркавацца Кузьме значна прасцей.
У Кузі выдатная памяць – ён памятае фактычна кожны маршрут, па якім хоць аднойчы праехаў. Між тым, ён вельмі адказны – ніколі не праедзе на чырвоны сігнал светлафора.
Клапоцяцца пра Кузьму тут з усёй адказнасцю. Летам, калі ён ночы напралёт праводзіць на пашы, да яго нават прыстаўленая ахова. На ўсялякі выпадак.
А яшчэ ў Кузі і Івана Богдана ёсць адна на дваіх грамата – за шматгадовую і добрасумленную працу.



